"Ёсць зацікаўленыя ў тым, каб законы аб наркотыках не мяняліся"
Журналіст і змагар з наркаманіяй Яўген Валошын, расказаў Еўрарадыё, ці проста купіць наркатычны мак, а таксама якім мусіць быць заканадаўства ў гэтай сферы.
Еўрарадыё: Ці з’яўляецца наркотыкам той мак, што ў булачках?
Яўген Валошын: Мак, які ў булачках, не наркотык. Але, апошнія звесткі такія, што калі ўзяць, напрыклад, два кілаграмы маку, якім пасыпаюць булачкі, то пры дапамозе распушчальніка “Нафтан 646”, вытворчасць якога наладжаная ў Беларусі, можна зрабіць моцны наркотык, падобны па сваім ўздзеянні на гераін. Даследаванні наконт гэтага ёсць у Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Мак – гэта даволі небяспечная рэч.
Еўрарадыё: Нездарма я распавядаю гісторыю, як мая бабуля пякла пірагі з макам, а я наядаўся гэтага маку, а потым добра спаў…
Яўген Валошын: Не ў тым справа. Я зараз навучу. Калі проста спажываць гэты мак, нічога не здарыцца. Для “наркатызацыі” маку трэба варыць яго ў распушчальніку, потым патрэбныя яшчэ розныя хімічныя рэчывы і г.д. Толькі тады можна зрабіць наркотык. А так, з’ясі ты хоць цэлую фуру гэтага маку, хоць разарві жывот сабе гэтым макам, ніякага наркатычнага эфекту не будзе.
Еўрарадыё: Вяртаючыся да наркатычнага маку, ці цяжка яго набыць у Беларусі? Здавалася б, у нас даволі жорсткае заканадаўства, моцна пераследуецца наркаманія у нашай краіне. Але з тваіх доследаў вынікае, што амаль у свабодным доступе ёсць гэта рэчыва…
Яўген Валошын: Скажу так, што ўвечары набыць бензін альбо дызельнае паліва куды цяжэй, чым наркатычны мак, які называюць бубкамі.
Еўрарадыё: Тая субстанцыя, якая робіцца пры гатаванні, пра якую ты распавядаў, гэта не зусім гераін, але наступствы ад яе значна больш страшныя, значна больш разбуральныя для арганізму. Якія этапы залежнасці ад гэтых рэчываў праходзіць чалавек?
Яўген Валошын: Калі я размаўляў з нарколагамі, у тым ліку з галоўным нарколагам Міністэрства здароўя, папрасіў яго, каб параўнаў мне гераін і так званую шырку – той раствор, які вырабляюць з маку з дапамогай распушчальнікаў. Ён мне сказаў, што гераін – гэта вітамінка ў параўнанні з бубкамі. Бо ўявіце сабе: гэта варыцца ўсё у распушчальніку хімічным, які уплывае не толькі на псіхіку, але і на вантробы чалавека. Нават тое, што калі ты варыш гэты “кактэйль”, ты нюхаеш яго, таксама вельмі шкодзіць. У параўнанні з гераінавым, спажывец такога бубачнага наркотыка “згарае” у два-тры разы хутчэй.
Еўрарадыё: Яўген, ты, як чалавек дасведчаны ў гэтым пытанні, як лічыш, што трэба змяніць у нашым і так жорсткім заканадаўстве, каб гэтую з’яву перамагчы?
Яўген Валошын: Літаральна два моманты. Першы – опійнае насенне маку, якое не праходзіць па дзяржаўных стандартах Рэспублікі Беларусь, трэба канкрэтна прызнаць наркатычным сродкам. То бок, затрымалі чалавека з такім макам, - усё, сядай за краты. Тады барыгі проста не будуць яго прадаваць. Таму што барыга вельмі добра разбіраецца, дзе харчовы мак, а дзе бубкі. Хлусня, што кажуць – цяжка разабрацца.
Другі момант – гэта дзяржаўная манаполія на пастаўкі насення маку. Трэба таксама саджаць за краты за неманапалізаваныя пастаўкі маку прыватнымі прадпрыемствамі. Заканадаўства трэба зрабіць яшчэ больш жорсткім, прастойваць у гэтым пытанні нельга. Спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі, не самай вялікай краіне, афіцыйна ўжо больш за 120 тысяч чалавек. Гэта страшныя людзі. І гэта самыя актыўныя людзі.
Еўрарадыё: БелТА падала інфармацыю, што некалькі дзён таму міліцыя затрымала двух наркагандляроў, у якіх у суме пры сабе было 45 кілаграмаў наркатычнага макавага насення. І як паведамляецца, за гэта ім пагражае па 3,5 мільёны штрафу і канфіскацыя аўтамабіля. І гэта пры тым, што гаворка ідзе пра 45 кілаграмаў маку. Чаму такое малое пакаранне?
Яўген Валошын: 45 кілаграмаў – гэта не так шмат, таму што з 1 кілаграму такога маку зазвычай можна зрабіць 3-4 дозы наркотыка…
Еўрарадыё: Але ў нас за адну траціну грама канопляў можна атрымаць 8 год турмы.
Яўген Валошын: Згодны. Каноплі – гэта проста цукерачка ў параўнанні з бубкамі. Рэч у тым, што законы наўмысна зрабілі такімі. Я вам зраблю невялікі намёк. Калі ў краіне відавочна прадаюць опійнае насенне маку, калі журналіст пра гэта піша, закупае, ёсць канкрэтныя доказы, а законы не мяняюцца. Пра што гэта можа сведчыць? Пра тое, што ёсць зацікаўленыя асобы ў тым, каб гэтыя законы не мяняліся. І гэтыя людзі маюць уплыў на беларускае заканадаўства. Ёсць канкрэтныя сігналы, што пастаўкі насення маку кантралююць асобы, якія маюць доступ да заканадаўства.