Юра Дземідовіч піша альбом на японскія і персідскія вершы

Адначасова "чароўны трус" збіраецца зняць некалькі кліпаў, выступіць сольна ў пабе "Графіці", а таксама марыць пра вялікую залу
Беларускі ўдзельнік апошняга дзіцячага “Еўрабачання” Юра Дземідовіч працуе над новым альбомам, у які апроч нашумелага “Чароўнага труса” ўвойдуць новыя песні Ўладзіміра Глушакова на вершы розных паэтаў, а таксама некалькі вядомых класічных твораў, якія Юра выканае сумесна з гуртом Camerata. Пра гэта Еўрарадыё распавёў мастацкі кіраўнік хору хлопчыкаў пры Акадэміі музыкі Ўладзімір Глушакоў:

Уладзімір Глушакоў: “У альбоме будуць песні, якія звернуць на сябе ўвагу. Акрамя “Труса” туды ўвойдзе мікс, які ўжо гатовы і называецца “Крамлёўскі мікс”, песні “Халестэрын”, “Стала прасторней душа” на вершы японскіх паэтаў, песня “Паміж небам і зямлёй” на верш Амара Хаяма, будзе знакаміты нумар памяці Каруза і дзве класічныя песні, якія мы плануем запісаць з ансамблем Camerata”.

Паводле словаў Уладзіміра Глушакова, альбом хутчэй за ўсё атрымае назву “Стала прасторней душа” і будзе прэзентаваны ў мінскім пабе “Графіці”. Аднак маэстра спадзяецца, што аднойчы Юра Дземідовіч дасць канцэрт у вялікай мінскай зале:

Уладзімір Глушакоў:
“Вядома, мы марым пра тое, каб зрабіць канцэрт тут у Мінску ў вялікай зале. Я па канцэрце ў маскоўскім клубе “Ікра” зразумеў, што Юра бліскучы шоўмэн: ён сам вёў канцэрт, выдатна кантактаваў з аўдыторыяй, прычым інтэрактыўна. Проста дзіўна для гэтага хлопчыка, для яго ўзросту. Мне падаецца, ён зможа і на вялікую залу гэта зрабіць. Трэба падрыхтавацца”.

Падчас трыумфальнага шэсця па інтэрнэце “Чароўнага труса” Белтэлерадыёкампанія планавала зняць кліп на гэтую песню. Аднак з цягам часу ідэя павісла ў паветры, а Ўладзімір Глушакоў разам з Юрам Дземідовічам зараз аддалі б перавагу здымкам кліпа на новыя песні: на “Халестэрын” ці “Стала прасторней душа”.

Падаваць заяўку на ўдзел у наступным дзіцячым “Еўрабачанні” “чароўны трус” не збіраецца. Паводле Ўладзіміра Глушакова, Юра і мінулы раз выглядаў асілкам у параўнанні з астатнімі прэтэндэнтамі на перамогу. Зараз яго мэта — ісці наперад:

Уладзімір Глушакоў:
“Не хацелася б хадзіць кругамі. Для нас дзіцячае “Еўрабачанне” — мінулы этап, Юра яўна перарос яго. Ён і так там адчуваў сябе асілкам. У яго і тэматыка не кветачкі і не юнацкае “пацалуй мяне, дакраніся”, таму мы будзем ісці наперад”.

У снежні мінулага года тэлеканал СТБ уручыў Юру Дземідовічу “Зорачку года”. На здымках праграмы прысутнічаў Філіп Кіркораў, які па просьбе Алы Пугачовай сустрэўся з Юрам і, паводле некаторых СМІ, прапанаваў яму супрацоўніцтва. Уладзімір Глушакоў станоўча ставіцца да гэтага і бачыць поспех Юры перадусім у яго асабістым разуменні ўрокаў жыцця:

Уладзімір Глушакоў: “Я назаўсёды застануся бацькам “труса” і ніхто ў мяне гэта не адбярэ. А тое, што будзе з Юрам у будучыні, залежыць нават не ад Кіркорава і не ад мяне, а ад самога Юры: наколькі ён зможа зрабіць высновы з той сітуацыі, у якую ён патрапіў у мінулым годзе”.

Нагадаем, бліжэйшы выступ Юры Дземідовіча адбудзецца 20-га лютага ў пабе “Графіці” падчас цырымоніі ўручэння ўзнагарод Ultra-Music Awards 2009.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі