Юрыст Алег Воўчак мяркуе, што Яну Палякову маглі давесці да самагубства

Юрыст Алег Воўчак заявіў у інтэрв'ю БелаПАН, што ёсць падставы распачаць крымінальную справу паводле арт. 145 (давядзенне да самагубства).

Як паведамляла Еўрарадыё, 36-гадовая Яна Палякова павесілася ў ноч на 7 сакавіка ў Салігорску. Юрыстка па прафесіі, яна з'яўлялася актывісткай незарэгістраванай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву", супрацоўнічала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі і ўваходзіла ў склад ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай на выбарах 2008 г.
Паводле Алега Воўчака, апошні раз ён размаўляў з Янай па тэлефоне два дні таму. "Яна была засмучаная і прыгаслая, гаварыла, што цяпер усе ў горадзе будуць тыцкаць на яе пальцамі як на крымінальніцу. Варта ўлічыць, што Салігорск — маленькі горад, там усё адзін аднаго ведаюць. Яна казала, што не пойдзе ў турму і тады выказвала думку пра суіцыд. Такім чынам яна хацела прымусіць задумацца пракурораў, юрыстаў, суддзяў".

Паводле Воўчака, ён адгаворваў яе ад такога кроку: "Мы дамовіліся, што я патэлефаную ёй 8 сакавіка. Нажаль, я не змог пераканаць Яну адмовіцца ад гэтага ўчынку".

Па папярэдняй інфармацыі, пахаванні Яны Паляковай пройдуць 9 сакавіка, пасля завяршэння экспертызы, якую праводзіць пракуратура.

Яна Палякова жыла ў Салігорску з маці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі