З Гомельскага універсітэта паўторна адлічылі Змітра Жалезнічэнку

22 студзеня рэктар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Аляксандр Рагачоў падпісаў загад аб адлічэнні студэнта трэцяга курса матэматычнага факультэта Змітра Жалезнічэнкі. Як паведаміў начальнік юрыдычнага аддзела універсітэта Валерый Недаступ, падставай для адлічэння стала парушэнне правілаў унутранага распарадку, невыкананне загаду рэктара і парушэнне пагаднення паміж адміністрацыяй ВНУ і прафсаюзным камітэтам. Больш падрабязную матывацыю загаду Недаступ паабяцаў перадаць Жалезнічэнку асабіста.
22 студзеня прэзідыум студэнцкага прафкама ВНУ пагадзіўся з "магчымасцю адлічэння Жалезнічэнкі", палічыўшы яго далейшае знаходжанне ва універсітэце "немэтазгодным". Сем студэнтаў выступілі за адлічэнне, пяць — супраць.

Нагадаем, актывіст апазіцыі быў выдатнікам вучобы і не меў пропускаў заняткаў без паважнай прычыны. Падставай для адлічэння рэктар назваў "сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку".

Матывам такой фармулёўкі было рашэнне гаспадарчага суда аб адміністрацыйнай адказнасці "за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць" — распаўсюджванне білетаў на канцэрт беларускіх бардаў.

Аднак 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмяніў загад аб адлічэнні і абавязаў ВНУ аднавіць Жалезнічэнку. 18 студзеня студэнт быў адноўлены ва універсітэце. У гэты ж дзень ён даведаўся, што яго прызываюць на службу ў войска. Сёння ён прыбыў у ваенкамат на прызыўны пункт і ўжо праходзіць медыцынскую камісію.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі