З новым альбомам “КРАМУ” віншавалі Афанасьева і Аруцюнаў (фота)

На прэзентацыі новага альбома гурта "КРАМА" "Усё жыцьцё — дзіўны сон", якая прайшла 25 верасня ў клубе-рэстаране “ФАРТУНА”, Аруцюнаў спяваў па-беларуску, Афанасьева падаравала Варашкевічу вялікі букет руж, а Ярмоленка і Ціхановіч перадалі свае віншаванні музыкам па тэлефоне.
На канцэрт прыехаў сябра гурту Мікалай Аруцюнаў (“Лига блюза”, “Четверг”, “Funky soul”). На сцэну разам з “крамчукамі” выходзілі вядомы мінскі блюзмэн Лёня Вярэніч, якога Ігар Варашкевіч называе не інакш, як сваім настаўнікам у блюзе, і бубнач з гурта “Apple Tea” Аляксандр Сапега.

За тры гадзіны канцэрту музыкі прэзентавалі песні з новага альбома “Усё жыцьцё — дзіўны сон”; спявалі разам з Мікалаем Аруцюнавым вядомыя хіты сусветных зорак блюзу і рок-н-ролу; выканалі лепшыя свае песні за ўвесь час існавання. Аруцюнаў праспяваў дзве песні з рэпертуару “КРАМЫ” — “Бяжы, хлопец!” і “На радыёхвалях”. Як расказаў Еўрарадыё Ігар Варашкевіч, маскоўскі блюзмэн мае ўкраінскія карані, добра разумее беларускую мову і сам выбіраў, што будзе спяваць.

Ігар Варашкевіч: “У яго ёсць дыск “The best”, і ён сам выбраў гэтыя песні”.

Публіка з захапленнем назірала за віртуознымі сола на гітары, якія “выдаваў” бадай што найлепшы блюзавы гітарыст Беларусі Лёня Вярэніч. Даўні сябра “КРАМЫ” і асабіста Ігара Варашкевіча, ён заўсёды з задавальненнем прымае ўдзел у, на жаль, нешматлікіх сольных канцэртах гурта на радзіме.

З вялікім букетам руж, крыху спазніўшыся да пачатку, на прэзентацыю новага альбома “КРАМЫ” прыйшла Іна Афанасьева. Ігар Варашкевіч шчыра ўзрадаваўся, калі яму паведамілі пра ейны прыход.

Ігар Варашкевіч: “Я ведаю яе яшчэ з часоў “Бонды”, з сярэдзіны 80-х. І мне, безумоўна, прыемна, што чалавек памятае гэта”.

Іна Афанасьева прызналася карэспандэнту Еўрарадыё, што яе ніякім чынам не палохала тое, што гурт знаходзіцца ў “спісе забароненых” афіцыйнымі ўладамі.

Іна Афанасьева: “Мы разам пачыналі, удзельнічалі ў конкурсах. Тады гэта быў новы моладзевы рух. Усё было так яскрава, незабыўна. І праз 20 год было б з майго боку не вельмі прыгожа не прыйсці і не павіншаваць хлопцаў”.

Выказала яна і сваё меркаванне ад пачутага падчас прэзентацыі.

Іна Афанасьева: “КРАМА” засталася вернай свайму стылю, жанру, мове, культуры. На працягу доўгага часу яны здолелі захаваць свой непаўторны і арыгінальны твар”.

Асабліва, прызналася спявачка, ёй спадабалася песня “Усё жыцьцё – дзіўны сон”. З канцэрту Іна пайшла з дыскам “КРАМЫ” і аўтографамі музыкаў.

Напярэдадні канцэрту Еўрарадыё стэлефоноўвалася з Анатолем Ярмоленкам, Аляксандрам Ціхановічам, Міхаілам Фінбергам і Ірынай Дарафеевай. Гэтыя людзі ў свой час катэгарычна не пагадзіліся з ідэолагамі Мінгарвыканкаму, якія вынайшлі ў “КРАМЫ” “нізкі мастацкі ўзровень”. На жаль, акрамя Іны Афанасьевай ніхто на канцэрт прыйсці не змог. Але ўсе перадалі свае прывітанні і віншаванні з выхадам новага альбома. А Ярмоленка сказаў, што абавязкова займее яго ва ўласную фанатэку.

Ігар Варашкевіч прызнаўся, што да апошняга пабойваўся, што канцэрт могуць адмяніць. Да прыкладу, раптоўна прарве каналізацыю.

Ігар Варашкевіч: “Я думаў, што ў апошнюю хвіліну будзе нейкі званок альбо АМАП уварвецца. Дзякуй Богу, ўсё атрымалася, і вельмі добра атрымалася. Я лічу, што гэта самы лепшы “крамаўскі” канцэрт. Былі, безумоўна, і раней добрыя канцэрты, але гэты самы лепшы. Я шмат пазітыўнай энергіі атрымаў і спадзяюся, што ўсе, хто прыйшоў на канцэрт, таксама засталіся задаволеныя”.


На канцэрт "Крамы" завіталі гітарыст NRM Піт Паўлаў і шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан


Канцэрт праходзіў пад прыцэлам шматлікіх фота- і відэакамер


Лідэр гурта Žygimont Vaza Сяргей "Скрыпа" Скрыпнічэнка прыйшоў павіншаваць сяброў з прэзентацыяй


Піў піва на канцэрце і вядомы музычны крытык Зміцер Падбярэзскі


Песню "Неба" "Крама" выконвала разам з Русяй


Парадаваў гледачоў віртуознымі сольнымі партыямі на гітары вядомы блюзмэн Лёня Вярэніч


З кветкамі і віншаваннямі прыйшла на прэзентацыю новага альбома Іна Афанасьева


Аляксандр Сапега з гурту "Apple Tea" дапамагаў "Краме" ў запісе альбома. Сеў за бубны і падчас канцэрту.


Бубнач Андрэй Філатаў часам браў у рукі іншы інструмент


Ігар Варашкевіч і Мікалай Аруцюнаў разам выконвалі сусветна вядомыя хіты


Адзначыўся на прэзентацыі ў якасці папарацы Аляксандр Памідораў


Песню "Бяжы, хлопец" Мікалай Аруцюнаў спяваў разам з залай


Музыкі завялі натоўп і завяліся самі


У падарунак маскоўскі блюзмэн атрымаў фірмовую майку "Крамы"


Наста Гулак (са сваім мужам Алегам) уважліва слухала напісаную ёй для "Крамы" песню "Неба — лёс арла"


"Крамаўскія" майкі маглі набыць і слухачы


Алег Хаменка з "Палаца" і Сяргей Канановіч з "Крамбамбулі" абмяркоўвалі ўражанні ад пачутага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі