З размеркаванай беларускі, звольненай за прагулы, не спагналі грошы за навучанне

Працоўная кніжка, ілюстрацыйнае фота

Працоўная кніжка, ілюстрацыйнае фота / promogilev.by

Размеркаваную выпускніцу сярэдне-спецыяльнай установы звольнілі з працы за прагулы і спагналі грошы за навучанне. Але за яе заступілася пракуратура Мінскай вобласці

Суд Мінскай вобласці задаволіў пратэст пракурора і адмяніў рашэнне аб спагнанні сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на навучанне, паведамляе прэс-служба пракуратуры.

Дзяўчына вучылася на дзённай форме навучання за сродкі абласнога бюджэту. У жніўні 2022-га яе размеркавалі на працу кандытарам трэцяга разраду. З працы яе звольнілі ў лістападзе таго ж года за прагулы, калі яшчэ не скончыўся абавязковы тэрмін адпрацоўкі. Суд першай інстанцыі пастанавіў спагнаць з дзяўчыны больш як 7 тысяч рублёў, затрачаныя на яе навучанне.

Аднак пракурор Мінскай вобласці заявіў пратэст. Ён спаслаўся на тое, што дзяўчына была сіратой. Яе бацька памёр у 2007 годзе, а маці ў тым жа годзе была пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Сіроты, згодна з законам, маюць права на льготы пры кампенсацыі ў бюджэт сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста ці рабочага.

"Пры гэтым звальненне адказчыцы з працы за прагул у дадзеным выпадку не з'яўлялася падставай для спагнання сродкаў, затрачаных дзяржавай на яе навучанне, паколькі ў законе прадугледжана распаўсюджванне гарантый на дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, без якіх-небудзь выключэнняў", — падкрэсліваюць у пракуратуры.

У выніку суд падтрымаў пракурора і адмовіў у спагнанні грошай з дзяўчыны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі