З Украіны могуць дэпартаваць святара-беларуса
Аб гэтым Еўрарадыё паведаміла яго жонка Ала.
Справа з дэпартацыяй Сяргея Горбіка ў Беларусь, адкуль ён з’ехаў шмат гадоў таму, пакуль не да канца зразумелая. Яго жонка Ала расказвае, што праблемы ўзніклі пасля таго, як паўсталі складанасці з афірмленнем украінскіх дакументаў. “Ён цяпер знаходзіцца ў шпіталі з мікраінсультам, сам не можа размаўляць з журналістамі. Нам дакладна невядома, што і як здарылася, але яго збіраюцца дэпартаваць з Украіны. Нібыта ў Беларусі падазраюць у махлярстве. Больш падрабязнасцяў мы не ведаем. На выходных суддзя павінен прыняць рашэнне аб дэпартацыі”, — расказвае жонка Сяргея Горбіка.
У студзені патрыярх Кіеўскі і ўсёй Русі-Украіны Філарэт узнагародзіў чальцоў грамадскага фармавання "Падольская Сеч" медалямі "За ахвярнасць і любоў да Украіны". Фармаванне стварылася яшчэ ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 2014 года і пачало дапамагаць украінскім памежнікам. Яны не толькі збіралі матэрыяльную дапамогу, але і ўдзельнічалі ў баявых атрадах аховы межаў Украіны.
Сярод іншых узнагароду атрымаў кіраўнік прэс-цэнтра фармавання і капелан Сяргей Горбік, колішні ўдзельнік мінскай "Талакі".