З-за чаргі на іспыты ў ДАІ ў аўташколах “расцягваюць” заняткі на паўгода

Але колькасць гадзін навучэння засталася такой самай, таму заняткі ў некаторых аўташколах праходзяць раз на два тыдні Як даведалася Еўрарадыё, аўташколы сутыкнуліся з нечаканай праблемай. Паводле новых правілаў, кожны іспыт у ДАІ займае больш часу, чым раней. З-за гэтага навучэнцы цяпер чакаюць сваёй чаргі па паўгода. А школы не ведаюць, калі набіраць новыя групы навучэнцаў.

“ДАІ змяніла правілы прыёму іспытаў, і цяпер прымаюць дваццаць хвілін у горадзе аднаго навучэнца. Падаўжэнне часу прыёму іспыту выклікала чаргу на здачу іспыту ў ДАІ. Яна дайшла ўжо да пяці з паловай — шасці месяцаў”, - дырэктар аўташколы “Жакей” Уладзімір Барбук скардзіцца Еўрарадыё, што не можа планаваць дзейнасць аўташколы.

Новыя правілы для аўташкол аказаліся вельмі нязручнымі:

— Я не магу нічога планаваць. Не ведаю, калі ў мяне будзе іспыт у каго – праз пяць месяцаў ці праз шэсць. Раней я ведаў, што вось я набраў групу — і праз такі час яе выпушчу. І ў мяне не здарыцца так, што людзі не катаюцца, ці наадварот, што майстар без працы застаўся. А вось цяпер я не ведаю. Я набіраю групу ў студзені, а іспыт у іх у чэрвені. А што мне рабіць у лютым, у сакавіку… Набіраць людзей ці не? Планаваць вельмі цяжка.

— Паўгода вам, напэўна, і няма чаму іх вучыць?

— Канешне.

Атрымліваецца, што час вучобы ў аўташколе падоўжаны з-за чаргі. А колькасць гадзін заняткаў пакінулі той самай. “Калі прайсці ўсё, як раней, хутка, то за паўгода да іспыту навучэнцы ўсё забудуць”, — скардзяцца супрацоўнікі аўташкол. Уладзімір Барбук пацвердзіў Еўрарадыё чуткі пра тое, што заняткі праходзяць значна радзей.

- Я чула, што цяпер заняткі расцягваюць: замест таго, каб два разы на тыдзень займацца, займаюцца раз на два тыдні?
- Ну, а што рабіць, калі колькасць заняткаў, колькасць гадзін засталася такой самай?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі