З-за Еўрабачання Калдун пачаў вучыцца на шасцёркі

У Дзмітрыя Калдуна, прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанні-2007”, ізноў праблемы. Толькі нядаўна ўсёй краінай “адмазвалі” яго ад войска, дык зараз яшчэ і сесія пачынаецца ва універсітэце. Навучаецца беларуская зорка на хімічным факультэце Белдзяржуніверсітэту.
Там нават ёсць спецыяльны чалавек, які кіруе працэсам атрымання вышэйшай адукацыі папулярным спеваком. Прычым нават не просты выкладчык, а сам намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Андрэй Багацікаў.

Жаданне Андрэя Мікалаевіча пазбавіць свет падрабязнасцяў наконт таго, як здае сесію Дзмітрый Калдун, было настолькі вялікім, што ён нават правёў тлумачальную працу з аднакурснікамі спевака. На яго погляд, праблемы могуць быць у кожнага студэнта:

“Проста ня трэба звязваць гэта з імем Калдуна. Узнавіўся ён пасля акадэмічнага адпачынку і займаецца па індывідуальным плане.”

Выкладчык хімічнага факультэта БДУ Дзмітрый Івашкевіч паведаміў журналістам Еўрарадыё, што Калдун узнавіўся на пяты, перадапошні курс завочнага аддзялення:

“Зараз Калдун на пятым курсе закрывае акадэмічныя запазычанасці за чацвёрты. На факультэце ўсе проста пішчаць ад захаплення. Некаторыя так званыя “непрабіўныя” выкладчыкі патрабуюць ад яго па поўнай праграме. Іншыя – не надта.”

Справа ў тым, што беларускі музыка павінен здаць яшчэ дзве запазычанасці пасля пераводу: мадыфікацыю палімераў і хімію высокамалекулярных злучэнняў. Як адзначыў намеснік дэкана, практычную частку, якая склала 10 дзён заняткаў на факультэце, Дзмітрый ужо здаў, засталася толькі тэорыя. Андрэй Багацікаў таксама расказаў журналістам Еўрарадыё, што па асабістым графіку заняткаў Калдун на пары ва універсітэт не ходзіць:

“Графік, канешне, у яго складаны. Таму яму прыходзіцца шмат займацца самому, бо лекцыі ён не наведвае.”

Так, паводле адмысловага ліста ў Міністэрства адукацыі ад хімічнага факультэта Дзмітрыю Калдуну афіцыйна працягнулі сесію да канца кастрычніка. Андрэй Багацікаў лічыць, што ніякіх праблемаў у Калдуна на бліжэйшай сесіі не будзе:

“Ніякіх праблемаў з сесіяй у яго няма. Ён калі вучыўся на дзённым аддзяленні, сярэдні бал складаў 7.8. Яго падкачала апошняя сэсія, проста паатрымліваў шасцёрак.”

У здольнасцях Дзімы ў дэканаце завочнага аддзялення не сумняваюцца, як мінімум метадысты:

“Канешне, ён усё здасць, бо хлопчык вельмі здольны і вучыўся вельмі добра да гэтага.”

Еўрапейскае радыё, не гледзячы на забарону студэнтам з боку дэканату размаўляць з журналістамі, знайшло-такі на факультэцкай курылцы Канстанціна, былога аднакурнсніка Калдуна, і вось што ён расказаў нам пра навучанне маладога спевака:

“Не сказаў бы, што ў яго былі нейкія цяжкасці са здачай сесіі. Проста як звычайны студэнт: калі-нікалі і хвасты трапляліся, але ж і былі дысцыпліны, па якіх добра разбіраўся.”

Шкада, безумоўна, Дзіму. Так добра вучыўся на дзённым аддзяленні, а потым падаўся ў шоў-бізнэс, ды так зацягнула, што нават прыйшлося на завочнае пераводзіцца. Толькі нядаўна “адмазаўся” ад службы ў войску да чэрвеня, як трэба акадэмічныя запазычанасці здаваць. Ну што тут сказаць? Напэўна, Дзіма, самы галоўны экзамен і наконт войска, і наконт вучобы, будзе ў цябе не летам і не восенню, а вельмі хутка ў Хельсінкі.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі