За адзін дзень Рыгора Барадуліна падтрымалі больш за 70 чалавек

Народны паэт Беларусі апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы. Каб дапамагчы, аднадумцы і прыхільнікі пісьменніка прадаюць яго кнігі. А сам Барадулін тым часам знаходзіцца ў лякарні.
За суткі, якія мінулі з пачатку акцыі, ужо замоўлена больш за 70 кніжак, і колькасць жадаючых павялічваецца. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё паведаміў ініцыятар акцыі паэт Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка: Гэта была мая ідэя. Рэч у тым, што дзядзька Рыгор вельмі сціплы і шчыры чалавек. Ён бы сам ніколі не папрасіў бы дапамогі, грошаў. Я ўскосна, даведаўся, што ён мае цяжкасці. А проста прыйсці да яго і сказаць, дзядзька Рыгор, вазьміце грошай, нельга. Бо баімся пакрыўдзіць яго, таму што справа далікатная. Таму было вырашана прадаваць кнігі.

Кожная кніжка будзе падпісаная асабіста паэтам. Пакуль што можна набыць адну з дзвюх кніг, якія выдавецтвы давалі паэту замест ганарараў.

Глеб Лабадзенка: Можна набыць кнігу "Дажыць да зялёнай травы…" - ліставанне Рыгора Барадуліна з Васілём Быкавым цягам 43 гадоў. Таксама ёсць зборнік выбранага з Беларускага кнігазбору. Таму я думаю, што апроч ўсяго мы яшчэ добра дапаможам дзядзьку Рыгору разгрузіць яго пакойчык, каб яму вальней дыхалася.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў “прадзяржаўнага” Саюза пісьменнікаў Беларусі, ці ведаюць там пра праблемы Народнага паэта. Як высветлілася, старшыня саюза Мікалай Чаргінец пра гэта нічога не чуў. Але абяцаў дапамагчы пры ўмове, калі да яго звернуцца.

Мікалай Чаргінец: Я не ведаю, якое ў яго здароў'е. Да мяне ніхто не звяртаўся. Ёсць выпадкі, калі да мяне звяртаюцца з Саюза беларускіх пісьменнікаў. Я лічу, што трэба дапамагаць калегам па пяру. У мяне да яго добрае стаўленне, як да чалавека, які шмат зрабіў для літаратуры.

Але, відаць, афіцыйнага звароту да Чаргінца не будзе.

Глеб Лабадзенка: Я не да каго асабіста не звяртаўся і звяртацца не буду, бо гэта дабрачынная акцыя. Але калі да мяне звернецца Мікалай Чаргінец, каб дапамагчы ці набыць кніжку — калі ласка.

Замовы прымаюцца на электронную скрыню: [email protected]. Пачатковы кошт кніжак ад 12 да 50 тысяч рублёў. Але ахвяраваць можна і больш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі