За гандаль у пераходзе могуць аштрафаваць на 2 пенсіі

А ў гандлярак гароднінай павінна быць спецыяльная даведка аб тым, што яны маюць ўласны агарод Бабулькі, якія гандлююць рознай дробяззю ў падземных пераходах ці гароднінай каля бліжэйшага гастраному, рызыкуюць страціць некалькі пенсій, выплачваючы штрафы за тое, што “псуюць выгляд горада”. Для іх прадугледжаны спецыяльны артыкул, распавядае прэс-афіцэр Савецкага РУЎС Мінска Вольга Яскевіч.

Вольга Яскевіч: "За гэта прадугледжаная адказнасць паводле артыкулу 21.14 Адміністратыўнага кодэксу: парушэнне правіл добраўпарадкавання населеных пунктаў. Калі яны сваімі таварамі загрувашчваюць праход грамадзянам, яны падлягаюць адказнасці: штрафу ад 4 да 25 базавых велічынь".

Гэта значыць, што з бабці могуць спагнаць ад 140 да 875 тысяч рублёў. І гэта пры сярэдняй беларускай пенсіі ў 391 тысячу!

Затрыманых за нелегальны гандаль спачатку адводзяць да ўчастковага і складаюць пратакол, працягвае Вольга Яскевіч.

Вольга Яскевіч: "Спачатку яны дастаўляюцца ў апорны пункт да ўчастковага, дзе складаецца адміністратыўны пратакол. Справу разглядае адміністратыўная камісія пры адміністрацыі раёна — і прымаюць рашэнне аб пакаранні. Праз 10 дзён пастанова набывае моц, і цягам 30 дзён парушальнік абавязаны выплаціць штраф. Калі штраф не выплаціць добраахвотна, тады справа накіроўваецца ў суд".

Ёсць шлях не парушаць кодэкс. Калі пенсіянерка мае агарод і яна жадае прадаваць гародніну ў прызначаных для гэтага месцах, ёй трэба абзавесціся даведкай з выканкама. Такая даведка бясплатная. Але, напрыклад, у Оршы да будучай гандляркі цягам пяці дзён выедзе камісія, каб на свае вочы пераканацца, што такі агарод існуе, распавяла Еўрарадыё супрацоўніца Аршанскага выканкама.

Аршанскі выканкам: "Даведка ніколькі не каштуе. Цягам пяці дзён мы прыязджаем на месца, глядзім — які ў вас участак, колькі там бульбы. Пазначаем вагу — і можна гандляваць, пакуль не рэалізуеце гэтую вагу".

Калі агарода няма, то трэба афармляць натарыяльную даверанасць на чыйсьці іншы агарод, але гэта не выгодна, кажуць у выканкаме.

Аршанскі выканкам
: "Бабуля выкладзе нямала грошай за натарыяльную даведку, і бульба ёй дакладна не спатрэбіцца".

Каб даведацца, наколькі часта штрафуюць нелегальных гандлярак, Еўрарадыё звязалася з некаторымі з іх. Яны працуюць у найбольш папулярных мінскіх кропках: Камароўцы ды Чэрвеньскім.

Задаваць пытанні пра міліцыю нелегальным гандляркам аказалася даволі небяспечна. У пераходзе ля Камароўскага рынку жанчына, якая гандлявала сукнямі, была вельмі агрэсіўна настроеная:

Гандлярка сукнямі: "Ідзі адсюль, не дуры галавы, пакуль я добрая. Бо я зараз магу і раззлавацца, ідзі! Ж*** зараз пакажу табе, сфатаграфуеш. Ідзі па-добраму!"

Гандлярка з Чэрвеньскага рынку распавяла, што маладых гандлярак міліцыянты ганяюць больш жорстка, чым людзей сталага веку:

Гандлярка: "За карак цягнуць! Маладых, праўда, больш бяруць. Мы-та ужо пенсію зарабілі, нам яе не хапае, усе разумеюць. А маладым трэба на вытворчасці працаваць, вось таму!"

На сценах перахода ля Чэрвеньскага рынку напісана: "Несанкцыянаваны гандаль забаронены. Штраф — 3 базавыя велічыні". Паводле гандлярак, да штрафаў тут яшчэ не даходзіла, але ганяюць іх часта. Адна з жанчын прыгадала, як аднойчы міліцыянты патрабавалі ў яе цікавую даведку:

Гандлярка: "Мне неяк сказалі: прыносьце даведку, што ў вас ёсць агарод. Але калі я прынесла даведку, іх ужо не было, яны не прыйшлі!"

У падземным пераходзе ля станцыі метро "Трактарны завод" такая ж сітуацыя:

Гандлярка: "Кажуць, што нельга тут. Ідзіце на кірмаш, плаціце падаткі".

Праўда, ля МТЗ з міліцыянтамі ўсё ж такі можна размаўляць:

Гандлярка: "Міліцыянт ад міліцыянта вельмі адрозніваецца...

Пачым вішанька?

Гандлярка: "Па 20... Адзін кажа: бабця, ідзі адсюль, тут гандляваць нельга. А іншы прыйдзе... ёсць тут у нас адзін такі. Рукі ў бокі і кажа: "Я цябе ў падатковую завяду!"

А я яму: "Ну, завядзі! Што я, скрала што-небудзь?" Гэта мая праца, у мяне на лекі не хапае пенсіі. А пенсію абрэзалі па вушы — так і напішы!

Я інвалід 2-й групы па тазасцегнавым суставе. Ён на мяне прыходзіць, а я кажу: "Ідзі ты роўненька, няма чаго бабу пужаць тоўстым..." І ён ад мяне сыходзіць, вось і ўсё!"

Падобна на тое, што воля закону ў дачыненні да нелегальных гандлярак здзяйсняецца рэдка.


Калаж са здымкаў pts2003.by.ru і sobaka.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі