За год у мінскіх ліхтарах згарае больш за 5 мільёнаў долараў

Начное асвятленне МКАД выключана на траціну, але колькасць ДТЗ… паменшылася Спробы эканоміць на вулічных ліхтарах пачаліся яшчэ ў сакавіку, калі на МКАДзе скарацілі асвятленне на траціну. У траўні дабраліся да гарадскіх паркаў, большая частка якіх пасля паўночы пагружалася ў цемру. Архітэктурнае асвятленне на праспекце Незалежнасці ў тым жа месяцы стала выключацца ў 23 гадзіны, а не ў 24. Зараз таксісты сталіцы скардзяцца, што ў начных дварах немагчыма пабачыць нумар дому з-за таго, што не гарыць ніводны ліхтар.

Еўрарадыё звярнулася да начальніка вытворчага аддзела УП "Мінгарсвятло" Мікалая Каралёва з пытаннем, колькі грошай змаглі зэканоміць на ліхтарах, але ў адказ пачулі — ніякай эканоміі няма.

Мікалай Каралёў: "Мы не адключаем святло. "Мінгарсвятло" спажывае 0,4 % электраэнергіі ад агульнагарадскога яе ўжывання. У маштабах горада гэта — нішто. Калі і адключаем, то толькі з мэтаў фазіроўкі".

Нават архітэктурнае асвятленне зноў гарыць з пачатку цёмнага часу сутак і да паўночы. Але ж відавочна, што пачатак цёмнага часу сутак зараз дае шанец зэканоміць. Таму ўвосень зноў плануецца перайсці на асвятленне да 23 гадзінаў, кажа Мікалай Каралёў.

Мікалай Каралёў: "Архітэктурнае асвятленне адключалі раней на гадзіну. Але зараз, улетку, яно працуе з 22 да 24 гадзін. У восеньскі сезон плануецца зноў перайсці да архітэктурнага асвятлення з пачатку цёмнага часу сутак да 23 гадзінаў".

Паводле слоў спадара Каралёва, у параўнанні з мінулым годам Мінск асвятляецца на тым жа ўзроўні. Вулічныя ліхтары ў гэтым годзе, як і ў мінулым, спажываюць толькі 0,4 % электраэнергіі ад усёй электрычнасці, якая расходваецца ў сталіцы. У 2008 годзе на вулічнае асвятленне пайшло 50 мільёнаў кілават-гадзін. Пры цяперашнім кошце на кілават у трыста рублёў атрымоўваецца, што штогод у агні ліхтароў згараюць 15 мільярдаў рублёў (крыху больш за 5 мільёнаў долараў).

Што тычыцца асвятлення кальцавой дарогі Мінска, то яно адпавядае нормам, кажа Мікалай Каралёў: нібыта, будаўнічыя нормы і правілы Беларусі дазваляюць выключаць траціну ліхтароў ноччу.

Ці паўплывала цемра на буйнейшай дарозе Мінску на колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, Еўрарадыё даведалася ў прэс-сакратара Мінскай ДАІ Жаны Трайно. Дзіўна, але колькасць ДТЗ нават паменшылася.

Жана Трайно: "Вось лічбы за першае паўгоддзе 2009 года ў параўнанні з мінулым годам. Зарэгістравана 25 дарожна-транспартных здарэнняў. Гэта менш на 25%, калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года. У выніку гэтых 25 ДТЗ 27 чалавек паранена. Гэта менш на 37,5 %. Загінулых няма. Бачыце — наадварот, сітуацыя на мінскай кальцавой аўтадарозе палепшылася".

Ды і ўвогуле з-за нізкага асвятлення не зарэгістравана ніводнага ДТЗ.

Жана Трайно: "З прычын нізкага асвятлення не зарэгістравана ніводнага здарэння. Яшчэ ёсць няшмат ДТЗ з прычын незадавальняльнага стану праезнай часткі, а з-за асвятлення няма здарэнняў".

Цікава, колькі яшчэ ліхтароў можна выключыць, каб сітуацыя на дарогах Мінску відавочна пагоршылася?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі