За наведвальнікамі Інтэрнэт-клубаў вядуць відэаназіранне

Міліцыянты папярэджваюць пра адказнасць за размешчаныя ў інтэрнэце прыватныя абвесткі і паведамленні і патрабуюць ад уладальнікаў інтэрнэт-клубаў і кавярняў збіраць, захоўваць і прадастаўляць “асобам з адпаведнымі паўнамоцтвамі” звесткі пра сваіх наведвальнікаў і даменныя зоны, у якія тыя заходзяць. Між тым, далёка не ўсе інтэрнэт-клубы вядуць электронныя журналы са звесткамі пра сваіх наведвальнікаў. У чацвер 10 ліпеня электронныя СМІ паведамілі, што начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Чарненка выступіў з папярэджаннем у бок уладальнікаў інтэрнэт-клубаў і кавярняў. Нібыта, згодна з яго словамі, менавіта яны нясуць адказнасць за кантроль паведамленняў, якія дасылаюць наведвальнікі. Еўрарадыё пацікавілася ў камп’ютарнага дэтэктыва, якім чынам уладальнікі клубаў і каврняў павінны весці кантроль за зместам паведамленняў, што дасылаюць наведвальнікі?

Ігар Чарненка: “Ніхто не кажа пра тое, што яны павінны стаяць побач з маніторам і сачыць за тым, хто і што піша. Размова ідзе толькі пра выкананне тых пунктаў, якія ў выпадку неабходнасці дазволяць нам знайсці тую інфармацыю, якая можа прывесці да высвятлення асобы, якая адправіла паведамленне пра падрыхтоўку злачынства”.

І яшчэ раз нагадаў, што менавіта, згодна з леташняй пастановай Саўміна, павінны выконваць уладальнікі інтэрнэт-клубаў і кавярняў.

Ігар Чарненка: “У камп’ютарным клубе альбо кавярні забараняецца распаўсюджваць па сетцы агульнага карыстання інфармацыю, забароненую да распаўсюду заканадаўствам. Таму пры аказанні карыстальнікам паслуг службы перадачы дадзеных і сеткавых службаў у інтэрнэт-кавярнях яго кіраўнік альбо ўпаўнаважаная ім асоба ажыццяўляе вядзенне электроннага журнала даменных імёнаў сайтаў, да якіх карыстальнікі атрымлівалі доступ. Тэрмін захоўвання электроннага журнала складае 12 месяцаў. І ў выпадках, вызначаных заканадаўчымі актамі, яны абавязаныя прадастаўляць доступ адпаведным органам да гэтага электроннага журнала даменных імёнаў сайтаў”.

Начальнік упраўлення “К” расказаў пра тое, што ўчора праваахоўныя органы Беларусі і Расіі затрымалі жыхара Віцебскай вобласці, які на адной са старонак расійскага сайта службы знаёмстваў змясціў інфармацыю пра магчымы выбух у Мінску. Міліцыянты ўпэўненыя, што хлопец такім чынам няўдала пажартаваў. Ці будзе ён пакараны за свае жартачкі, Ігар Чарненка пакуль сказаць не можа. Але, кажа, пакаранне ніякім чынам не тычыцца ўладальнікаў інтэрнэт-клуба, з якога хлопец дасылаў паведамленне. Хоць з распаўсюджанай раней інфармацыі вынікала зусім іншае.

Ігар Чарненка: “Мае словы пераказалі няправільна. Калі я казаў, што ў выпадку, калі такія факты стануць вядомыя, то будуць прымацца жорсткія меры рэагавання, то я меў на ўвазе, што жорсткія меры пакарання будуць прымацца да асобы, якая размясціла ілжывыя звесткі пра небяспеку”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі адказна паставіліся ў інтэрнэт-клубах да пастановы міністра – ці вядзецца электронны журнал даменных імёнаў сайтаў, да якіх карыстальнікі атрымлівалі доступ і ці часта іх праглядаюць “адпаведныя органы”?

У мінскім Інтэрнэт-клубе “Сайт” пацвердзілі, што электронны журнал іх супрацоўнікі вядуць і ўсё, што трэба туды заносіцца. Але адказваць на любыя іншыя пытанні катэгарычна адмовіліся.

А супрацоўнікі інтэрнэт-клуба “Вірус” шчыра прызналіся журналісту Еўрарадыё, што спачатку такі журнал вялі, але потым кінулі гэтую справу.

“Вірус”: “Адмянілі гэтыя запісы. Раней запісвалі, а потым нам сказалі, што не абавязкова, бо чалавек можа не сваё прозвішча напісаць, а зусім іншыя дадзеныя. Мы ж не будзем у кожнага пашпарт правяраць. Заўсёды можна пры жаданні падмануць”.

І адзінае, чым яны змогуць дапамагчы праваахоўным органам, у выпадку, калі з іх клуба хтосьці дашле злачыннае паведамленне, -- гэта пракруціць міліцыянтам запіс відэаназірання. Праўда, захоўваецца ён ўсяго некалькі дзён.

“Вірус”: “Калі толькі відэаназіранне праглядзець. Калі ён скажа, што трэба праглядзець відэазапіс, зроблены 3 дні таму ў 2 гадзіны дня, да прыкладу, калі прыйшло паведамленне, то можна праглядзець гэты нумар камп’ютара”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі