За пакупку долараў у валютчыка могуць аштрафаваць на 10,5 млн.

Падраздзяленні Камітэта дзяржкантролю ўзяліся не толькі за валютчыкаў, але і за іх кліентаў.   Афіцыйны сайт КДК паведаміў пра адно з такіх затрыманняў у Лідзе. Мясцовы грамадзянін набыў 2500 долараў у валютчыка каля аднаго з абменнікаў. Потым пайшоў да іншага абменніка і набыў яшчэ 2300 долараў у іншага «мянялы».

Фінансавая міліцыя Камітэта дзяржкантролю затрымала ўсіх трох, склала на іх адміністратыўныя пратаколы. Пры сабе ў мужчын знайшлі больш за 25 тысяч долараў ЗША ў розных валютах.

Кожнаму з затрыманых пагражае штраф на суму да 10,5 мільёнаў беларускіх рублёў.
  
“Усе тры чалавекі будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, - паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Камітэта дзяржкантроля Беларусі. -  А за правядзенне незаконных валютна-абменных аперацый прадугледжваецца штраф ад 50 (1 мільён 750 тысяч рублёў) да 300 базавых велічыняў (10,5 мільёнаў рублёў). З канфіскацыяй сумы, якая была абмененая”.

Нягледзячы на пачатак жорсткай барацьбы з валютчыкамі, тых не менее. Як і да 2000 года ледзь не каля кожнага абменнага пункта маскіруюцца “мянялы” ўсіх масцяў. 

“Чэргі ў абменнікі вельмі вялікія. Таму на гэтым ужо і бізнес робяць валютчыкі. Часам ідуць на хітрыкі, замест сябе бабулек ставяць, - расказвае Еўрарадыё прадпрымальніца са сталічнага выставачнага цэнтру “Шчасце” Марына. - Такім чынам валютчыкі пакупаюць як мага больш валюты і прадаюць яе. Я дык ў іх долары не купляю, я яшчэ ў абменніках неяк бяру. Ды і людзі нашыя сёння недурныя, баяцца патрапіць на фальшыўкі. Таму большасць усё роўна ідзе за доларамі ў абменны пункт”.

Хоць па законе за валютна-абменныя аперацыі мусіць адказваць і валютчык, і яго кліент, такая практыка ўжываецца не паўсюль. Вось што нам расказаў адзін з супрацоўнікаў фінансавай міліцыі КДК па Гомельскай вобласці.   

Супрацоўнік: “Яны ж удваіх парушаюць: і валютчык, і той, хто ў яго купляе. Але нашыя супрацоўнікі заўсёды звяртаюць увагу на акалічнасці. Звычайна караюць валютчыкаў. Галоўнае, каб вы, калі купілі валюту, ў выпадку затрымання далі правільныя тлумачэнні. Што не вы шукалі валютчыка, а ён сам да вас падышоў і прапанаваў абмяняць грошы”.

Еўрарадыё: “Але і мяне могуць пакараць, калі я купіў долары ў валютчыка?”

Супрацоўнік: “Могуць - але, як правіла, вам даруюць”.

Валютчыкаў ловяць па ўсёй краіне і ў самых нечаканых месцах. У Мінску праваахоўнікі высачылі, як азербайджанец купіў у чорнага “мянялы” з рынку “Ждановічы” 50 долараў. Абаіх затрымалі ў аўтамабілі валютчыка. Спецыяльнай агульнабеларускай статыстыкі наконт затрыманняў за незаконныя валютна-абменныя аперацыі не вядзецца. Але відавочна, што гэтых выпадкаў ужо не адзін дзесятак…

Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі