За парламенцкай кампаніяй у Беларусі пачала назіраць еўрапейская місія
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ сёння адкрыла місію па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання. Кіраваць еўрапейскімі назіральнікамі будзе Карнэлія Вільямін Анке Ёнкер (Corien Jonker) з Нідэрландаў. Інфармацыя пра гэта размешчаная на афіцыйным сайце АБСЕ.
Місія складаецца з асноўнай групы ў 11 экспертаў, якія базуюцца ў Мінску, і 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць працаваць па ўсёй краіне з 23 кастрычніка. Таксама чакаецца, што АБСЕ накіруе каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць у Беларусь за некалькі дзён да выбараў.
Місія ацэніць, ці праходзяць выбары ў адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў, а таксама з нацыянальным заканадаўствам. Назіральнікі будуць сачыць за рэгістрацыяй выбаршчыкаў, рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты, агітацыйнай кампаніяй, працай ЦВК, выкананнем заканадаўства, звязанага з выбарамі, і вырашэннем звязаных з імі спрэчак. Таксама будзе кантраляваць асвятленне выбарчай кампаніі ў СМІ.
У дзень выбараў сябры назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ аб'яднаюць намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, галасаваннем, падлікам бюлетэняў і падвядзеннем вынікаў. Прамежкавы даклад пра гэта ўсё будзе апублікаваны для азнаямлення грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі падчас назірання. А на наступны дзень пасля выбараў папярэднія вынікі і высновы БДІПЧ будуць прадстаўленыя на прэс-канферэнцыі. Канчатковы жа даклад місіі будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы пасля выбараў.
Да Беларусі Кор’ен Ёнкер, між іншага, кіравала еўрапейскімі назіральнікамі на пазачарговых выбарах прэзідэнта Казахстана ў красавіку 2015 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.