За паўгода ў Гомелі збілі трох замежных студэнтаў

Каб абараніць індусаў ад кулакоў і гузакоў, БРСМ гатовы правесці іх з вучобы дадому. Студэнта-індуса збілі ў мінулую суботу - 4 каcтрычніка - ля аўтобуснага прыпынку. Да роднага інтэрнату ён не дайшоў некалькі соткаў метраў. Навіна напужала іншых замежнікаў з медуніверсітэта. Студэнты сабраліся ў актавай зале інтэрната і расказалі пра свае страхі мясцовым міліцыянерам.

Загадчык інтэрната Сяргей Мядзведзеў распавёў нам пра акалічнасці збіцця індуса і той самы сход замежнікаў.

Сяргей Мядзведзеў: “Спачатку біліся нашы, рускія. Раптам яны пабачылі іншаземца і далі яму. У мой інтэрнат ён ішоў як госць. Пабілі моцна, але траўмаў і пераломаў не было. За апошнія паўгода ўжо было тры выпадкі збіцця нашых студэнтаў. Адбіраць нічога не адбіралі, не рабавалі. Але ў мінулы панядзелак яны вырашылі сабрацца, запрасілі міліцыю. Міліцыянер у нас ніколі не дзяжурыў і дзяжурыць, напэўна, не будзе. Затое ў нас ёсць кнопачка выкліку міліцыі. У выпадку чаго студэнты ведаюць, што трэба бегчы ў інтэрнат і на яе ціснуць”.

Пра тое, як іншаземцы раскрывалі свае крыўды міліцыі, вядома мала. У органах аховы парадку пра акцыю студэнтаў не распавядаюць. Тым часам у Інтэрнэце сход замежнікаў называюць бунтам: маўляў, у панядзелак студэнты-іншаземцы ў пратэст адмовіліся ісці на пары ва ўніверсітэт.

У прэс-сакратара Ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Ігара Грышкевіча мы спыталіся, ці праўда, што гомельскія студэнты бунтуюць і арганізавалі праз гэта сустрэчу з міліцыяй.

Ігар Грышкевіч: “Я такую інфармацыю пацвердзіць не магу”.


Намеснік дэкана факультэта іншаземных студэнтаў Віктар Мельнік растлумачыў, у чым заключаецца супрацоўніцтва студэнтаў і міліцыі:

Віктар Мельнік: “Сустрэча з супрацоўнікамі Савецкага РАУС Гомеля сапраўды адбылася. Студэнты папрасілі, міліцыя адгукнулася, выслухала, паабяцала ўзмацніць у інтэрнаце кантроль”.


Больш за тое, абаронай індусаў занялося гомельскае БРСМ. Яшчэ ў студзені мінулага году 18 грамадзян Індыі і Шры-Ланкі сталі сябрамі БРСМ, ды ад гузакоў замежнікаў гэта не выратавала.

Першы сакратар БРСМ Савецкага раёну Гомеля Станіслаў Чэмезаў распавёў нам пра працу з замежнымі студэнтамі.

Станіслаў Чэмезаў: “Летам яны нават ездзілі са славянскімі хлопцамі у лес – турзлёт і ўсё астатняе. Праца па іх абароне вядзецца і зараз. Хлопцы разам ездзяць дадому, бо хто разам, той і даязджае да дому. Часам добраахвотнымі дружынамі мы арганізоўваем дзяжурствы ў “гарачых кропках”, найчасцей вакол інтэрнатаў. Іншаземцы не проста прагнуць нашай абароны, але і самі ўваходзяць у БРСМ. У яшчэ адным ВНУ, дзе я ўзначальваю ячэйку, ёсць студэнты і з Расійскай Федэрацыі, і з розным колерам скуры. І, вядома, уваходзяць у БРСМ. Не скажу, што гэта сотні чалавек, але дзесяткі”.

Індусы таксама могуць за сябе пастаяць. У 2004 годзе ў бойцы з замежнікамі быў забіты грамадзянін Беларусі. Пачалі крымінальную справу, індуса, які смяротна параніў беларуса, судзілі па артыкуле “хуліганства”.

Фота naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі