За першы квартал валавы ўнутраны прадукт Беларусі знізіўся на 2,1%
Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў удакладнёныя дадзеныя.
Аб'ём валавога ўнутранага прадукта Беларусі (паводле ўдакладненых дадзеных) за першы квартал 2015-га склаў 191,9 трлн рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ён знізіўся ў супастаўных цэнах на 2,1%. Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
БелаПАН нагадвае, што ў красавіку сёлета Белстат паведамляў, што ВУП за студзень-сакавік склаў 187,45 трлн рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 2%. Адзначаецца, што першая ацэнка ажыццяўлялася вытворчым метадам і была папярэдняй, паколькі засноўвалася на аператыўнай інфармацыі статыстычных абследаванняў, экспертных ацэнках і ўскосных разліках.
Другая ацэнка была ажыццёўленая трыма метадамі (вытворчым метадам, метадам выкарыстання даходаў і метадам фарміравання ВУП па крыніцах даходаў).
Фота: Fotolia