Забарона на ўвоз каўбасы з-за мяжы можа расцягнуцца на год

Як стала вядома Еўрарадыё, забарона на ўвоз у ручным багажы каўбасы будзе дзейнічаць да жніўня 2008 года. Каўбасы забаранілі ўвозіць 11 жніўня з-за эпідэміі яшчуру ў Англіі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму нягледзячы на тое, што эпідэмія скончылася тры месяцы таму і ўсіх хворых жывёл знішчылі, забарона дзейнічае да гэтага часу.

У прэс-службе Камітэта мытнага кантролю адказалі, што мытнікі толькі выканаўцы. Калі забарону здымуць, яны перастануць адбіраць у пасажыраў недаедзеных курэй і бутэрброды.

Супрацоўніца прэс-службы:
“Мытны орган – гэта выканаўчы орган. Калі будзе дадзены дазвол на ўвоз мясной прадукцыі, то, вядома, мы дазволім”.

Пакуль жа мытнікі раяць усім, хто пераязджае беларускую мяжу, “знішчаць” узятую з сабой ежу самастойна. Па словах намесніка начальніка мытнага пераходу “Заходні Буг” Ірыны Ашгірэвіч, калі вы хочаце прывезную з-за мяжы курыцу-грыль давезці дахаты, неабходна атрымаць дазвол ветэрынараў са службы ветэрынарнага кантролю.

Ірына Ашгірэвіч: “Гэта служба ў нас ёсць на мяжы. Мы накіроўваем іх да ветэрынара, і ён дае альбо “так”, альбо “не”. У нас бутэрброд на час падарожжа не падлягае кантролю. А вось калі нейкія мясныя вырабы вязуць, тады мы накіроўваем да ветэрынара. Мы афармляем дазвол пры наяўнасці адзнакі ветэрынарнага кантролю. Гэта да ўвозу забаронена. Я не ведаю, што далей ветэрынары робяць з гэтымі курамі – захоўваць, знішчаюць, вяртаюць”.

У Камітэце мытнага кантролю Еўрарадыё паведамілі, што каўбасы забараніла ўвозіць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Яны і будуць вырашаць, калі гэтую забарону здымаць. Супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення ветэрынарыі з дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыяй міністэрства Віталь Масарноўскі сказаў, што забарона можа працягвацца да 11 жніўня 2008 года. Год – менавіта столькі доўжыцца каранцін.

Віталь Масарноўскі: “Каранцін па яшчуры здымаецца з дзяржавы праз год пасля рэгістрацыі апошняга выпадку захворвання. Калі сёння, 31 кастрычніка, яшчур у якой-небудзь дзяржаве палыхне і захворванне ёсць, то толькі 31 кастрычніка 2008 года здымецца каранцін”.

Эпідэмія яшчуру была ў Англіі, але забарона на ўвоз тычыцца ўсіх краін. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ветэрынарыі Міхаіла Бушылы, не мае значэння, дзе была эпідэмія – мяжу зачыняюць ад усіх.

Міхаіл Бушыла: “Англія гэта альбо не Англія – нам без розніцы. Польшча, Расія і гэтак далей. Прынцып адзін: усе дзяржавы не дазваляюць увозіць у ручной паклажы мяса”.

На пытанне аб тым, ці ўводзілі такія забароны нашы суседзі, чыноўнік адказаў, што ва ўсіх ёсць пэўныя абмежаванні. І параіў правезці 50 кілаграмаў свініны ў краіны Еўрасаюзу. Разышліся меркаванні чыноўнікаў, ці можна правезці праз мяжу бутэрброд альбо курыцу-грыль. Віталь Масарноўскі раіў усё з’есці яшчэ да мяжы, а Міхаіл Аксёнаў кажа, што ніхто іх не адбярэ.

Міхаіл Бушыла: “У цягніку альбо дома ніхто яе ў вас не адбярэ. Курыцу правезяце і будзеце есці яе разам з сям’ёй”.

Зняць каранцін могуць і раней. Але для гэтага беларускіх ветэрынараў трэба ўпэўніць, што інфекцыя не патрапіць у нашу краіну ў замежным бутэрбродзе.

Віталь Масарноўскі: “Калі нам прывядуць доказы, што ўсе ўмовы выкананыя па недапушчэнні распаўсюду вірусу альбо ўзбуджальніка захворвання, то чаму б не – каранцін можна зняць і праз паўгода”.

А пакуль усе знойдзеныя мытнікамі ў турыстаў бутэрброды ды каўбасы канфіскуюць і знішчаюць прадстаўнікі спецыяльнай камісіі. Колькі “кантрабандных” бутэрбродаў знішчылі мытнікі са жніўня, ні ў Камітэце мытнага кантроля, ні ў Мінсельгасхарчы адказаць не змаглі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі