Забойцам мужчыны і жанчыны ў Мінску пагражае смяротнае пакаранне

Забойцам мужчыны і жанчыны ў Мінску пагражае смяротнае пакаранне

Забойцам мужчыны і жанчыны ў Мінску пагражае смяротнае пакаранне. Галоўнае следчае ўпраўленне завяршыла расследаванне гучнай крымінальнай справы. Забойства адбылося ў снежні мінулага года ў кватэры жылога дома па вуліцы Алібегава. Там знайшлі два трупы са шматлікімі нажавымі раненнямі шыі і тулава (агулам было нанесена каля 80 удараў нажом).

Арганізатарам злачынства следства прызнала 27-гадовую жыхарку сталіцы. Яна не змірылася з тым, што мужчына, з якім яна раней сумесна пражывала, падтрымлівае блізкія стасункі з іншай жанчынай. Мінчанка наняла чалавека для яе выкрадання, але ён у выніку нічога не зрабіў. Тады яна папрасіла свайго 44-гадовага суседа і яго 23-гадовага таварыша забіць жанчыну, паабяцала грашовае ўзнагароджанне. Выканаўцы "замовы" забілі не толькі яе, але і мужчыну. Да таго ж, яны абрабавалі кватэру.

Усіх трох зламыснікаў затрымалі. Падчас расследавання высветлілася, што за некалькі дзён да выканання "замовы" абвінавачаныя здзейснілі разбойны напад пад Мінскам, падчас якога забілі 59-гадовага мужчыну, які аказаў ім актыўнае супраціўленне.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, дзеянні мужчын кваліфікаваныя следствам па трох артыкулах. Гэта і "забойства трох асоб з карыслівых меркаванняў", і "разбой, здзейснены з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры", і "крадзеж асабістых дакументаў". Ім пагражае да 25 гадоў зняволення, пажыццёвае зняволенне ці нават смяротнае пакаранне. Жанчыне выставілі абвінавачванне ў "арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека", а таксама ў "падрыхтоўцы да выкрадання чалавека". Ёй пагражае ад 5 да 15 гадоў зняволення. Матэрыялы крымінальнай справы ўжо атрымаў пракурор для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі