Забойцы егера з Міёрскага раёна далі 25 гадоў узмоцненага рэжыму
У Міёрах суддзя Віцебскага абласнога суда вынес прысуд па справе аб забойстве егера Дзісненскага лясгасу. Вінаватым у злачынстве прызналі работніка сельскагаспадарчага прадпрыемства: ён раней здзейсніў раскраданне і вырашыў адпомсціць егеру, які стаў сведкам злачынства і паведаміў пра гэта ў міліцыю, паведамляе тэлеканал АНТ.
Нагадаем, што забойства было здзейсненае 24 ліпеня 2015 года ў аграгарадку Цвеціна, дзе егер жыў разам з сям’ёй — яго застрэлілі проста ў двары ўласнага дома. На наступны дзень міліцыя затрымала па падазрэнні ў забойстве мясцовага жыхара, супрацоўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства “Цітова”. Абвінавачаны працаваў там жывёлагадоўцам разам з жонкай. Яны ўвайшлі ў змову з вартаўніком і ўначы таемна памянялі ў цялятніку буйнога быка коштам у 5 мільёнаў рублёў на маладую жывёлу, якая каштавала мільён рублёў. Егер стаў сведкам злачынства і паведаміў пра яго ў міліцыю. Пасля гэтага зламыснік здзейсніў яшчэ і забойства.
Паводле рашэння суда, абвінавачаны асуджаны на 25 гадоў калоніі, а таксама павінен выплаціць 500 мільёнаў рублёў кампенсацыі сям’і сваёй ахвяры.