Загадчыца ляхавіцкай аптэкі скрала грошы, каб накарміць дзяцей

Адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэкса прыцягнутая да адказнасці былая загадчыца ветэрынарнай аптэкі ў горадзе Ляхавічы Брэсцкай вобласці — за прысваенне альбо растрату і службовы падлог. Злачынства выявіў галоўны ветурач сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Тальмінавічы». Ён пералічыў саўгасныя грошы, прызначаныя на набыццё медыкаментаў і заўважыў, што больш за мільён рублёў з рахунку некуды зніклі.

Праваахоўнікі знайшлі фальшывую накладную, па якой сельскі кааператыў, нібыта, атрымаў лекі для жывёлы. Высветлілася, што грошы зняла загадчыца аптэкі і выкарыстала іх на ўласныя патрэбы.

Жанчына патлумачыла свой учынак цяжкім матэрыяльным становішчам. «За заробак 260 тысяч рублёў у месяц немагчыма ўтрымліваць двух непаўналетніх дзяцей», — сказала жанчына. Яе былы муж ужо 5 гадоў як з’ехаў і сям’і не дапамагае.

Скрадзеныя грошы пайшлі на праяздныя квіткі, на патрэбы дзяцей і харчаванне.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Ляхавічы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі