Загінулы ў амерыканскай амбасадзе аказаўся сербскім бежанцам з Косава

Устаноўлена асоба загінулага пры пажары ў амбасадзе ЗША ў Бялградзе. Ім аказаўся 21-гадовы сербскі бежанец з Косава Зоран Вуявіч. Загінулага апазнаў яго бацька.
Зоран прыехаў у Бялград са сваім малодшым братам Лазарам для таго, каб прыняць удзел у масавай маніфестацыі пратэсту супраць аддзялення Косава ад Сербіі. Яго бацькі заявілі пра знікненне сына пасля таго, як ён перастаў адказваць на тэлефонныя званкі і не з'явіўся дома. Сям'я загінулага пражывае ў горадзе Новы Сад.

Бацька Зорана спрабаваў знайсці свайго сына ў бялградскай турме. Пасля таго, як пошукі не прынеслі вынікаў, паліцыянты выклікалі Вуявіча на апазнанне. Сына ён пазнаў па залатым ланцужку і спражцы на рамяні. Экспертыза ДНК пацвердзіла асобу загінулага.

Сям'я Вуявічаў пакінула Косава ў 1999 годзе пасля пачатку бамбёжак Югаславіі амерыканцамі, паведамляе AFP.

Нагадаем, 21 лютага падчас масавай акцыі пратэсту супраць аддзялення Косава ад Сербіі мітынгоўцы падпалілі дыппрадстаўніцтва ЗША ў Бялградзе. Пацярпелі таксама амбасады Харватыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Босніі і Герцагавіны і некаторых іншых краін, якія прызналі аднабаковую незалежнасць Косава.

У выніку беспарадкаў у Бялградзе адзін чалавек загінуў і 130 пацярпелі, у тым ліку 52 супрацоўнікі праваахоўных органаў. Былі пашкоджаныя восем будынкаў амбасадаў, 90 крам, рэстараны "Макдональдс" і некалькі аўтамабіляў. Паліцыя затрымала 192 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі