Заіка: 2011-ы – год вялікай дзяльбы: чыноўнікі будуць стаяць з лыжкамі

Еўрарадыё: Што зменіцца ў беларускай эканоміцы ў 2011 годзе ў параўнанні з 2010-м? Ёсць меркаванне, што пазбегнуць рэформаў будзе немагчыма, што не змяняць нічога і далей будзе нельга…

Леанід Заіка:
Да канца года будзе невялікая накачка, бравурны спажывецкі рытм, пачатак года будзе святочным. У насельніцтва наперадзе радасць ад павышэння прыбыткаў. Я б назваў гэта такім фестывальным прэзідэнцкім выбарачным годам, калі растуць прыбыткі. Пік прыпадае на снежань і студзень, а потым людзі выяўляюць, што кошты таксама растуць, прычым, магчыма, хутчэй, за зарплату. У лютым-сакавіку пачнецца невялікае вяртанне ў прытомны стан.

2011 год будзе годам вялікай дзяльбы, службоўцы будуць стаяць з лыжкамі. Каля 70 буйных прадпрыемстваў будзе дзяліць асабіста прэзідэнт, а астатнія – службоўцы.

Таму год можа быць цікавым, ён будзе нечаканым з пункту гледжання таго, што з'явяцца новыя ўласнікі, пачнецца свістапляска вакол дзяржаўных прадпрыемстваў. Замежнікі будуць прыходзіць, прапаноўваць пабудаваць гасцініцы, дыснэйлэнды. Будзем назіраць зусім змяшаны фон. Пры гэтым смешна не будзе, таму што будзе дзяліцца ўласнасць.

Вы кажаце, што прыватызацыя будзе наменклатурнай. Ці можна чакаць нейкай іншай прыватызацыі ў наступным годзе?

Гэта будзе залежаць ад вынікаў выбараў. Калі будзе пераабраны дзейсны прэзідэнт, нас чакае такая ж прыватызацыя, якая была ва Ўкраіне, Расіі і Грузіі. Гэта будзе прыватызацыя, у якой удзельнічаюць тры найважнейшыя элементы грамадства – наменклатура, сілавыя структуры і крымінал. Ніякай нейтральнай народнай прыватызацыі быць не можа.

А калі прыйдзе іншая ўлада?

Калі на чале краіны будуць знаходзіцца дэмакратычныя сілы, такой прыватызацыі не будзе. Што да буйных прадпрыемстваў, яе можна правесці паштучна. Што да сярэдніх і малых прадпрыемстваў – тут можна пачакаць, і зрабіць як у Кітаі. Кітайскія камуністы 20 гадоў не чапалі дзяржаўную ўласнасць, але далі магчымасць развівацца ўласнаму малому і сярэдняму бізнесу.

Не чапайце гэтыя дзяржаўныя прадпрыемствы, не дзяліце іх паміж часткай адміністрацыі, галоўным міліцыянерам, пракурорам і аўтарытэтам… Няхай дзяржаўная ўласнасць працуе як ёсць. Але дайце зямлю, дайце магчымасць развіваць свой бізнес усім. І калі ў нас разаўецца добры сярэдні і дробны бізнес, праблемы прадпрыемстваў адступяць у бок.

Вы лічыце, што не варта чакаць структурных змен і ў 2011 годзе…

Наогул, мы пра гэта не павінны думаць. У нас 70 буйных прадпрыемстваў, 70 чалавек дырэктараў можна пасадзіць у адну залу, і яны самі распавядуць, як трэба рэструктураваць прадпрыемствы, яны не такія дурныя.

У астатнім, нам трэба правесці адміністрацыйную рэформу, скараціць колькасць міністэрстваў да 12. Міністэрства эканомікі можна зусім спакойна адправіць адпачываць, а замест яго стварыць нацыянальнае агенцтва эканамічнай палітыкі, дзе будзе 50-70 чалавек, гэтага будзе дастаткова.  Гэтак жа прыбраць лішнія міністэрствы, камітэты, падкамітэты і іншае. Зрабіць урад мабільным і лёгкім. З гэтага трэба пачынаць працэс стварэння дэмакратычнага грамадства і пераход да эканомікі свабоднага тыпу.

Калі Лукашэнка застанецца прэзідэнтам, то будзе тое ж самае. Толькі будуць расці запазычанасці, будзем гнацца за коштамі, 930 тысяч пенсіянераў будуць думаць пра тое, калі ж ім павялічаць пенсіі, а моладзь – як хутчэй скончыць вучобу і з'ехаць працаваць за мяжу.

Гэта значыць альтэрнатыўных варыянтаў, як будаваць эканоміку, у нас ва ўрадзе няма?

Нашаму постсавецкаму наменклатурнаму ўраду з раздутым штатным апаратам трэба 15 гадоў распавядаць, каб штосьці зрабілі – рэакцыя як у дыназаўра. Моладзь на гэта глядзіць, збірае заплечнікі і з'язджае.

Але ж цяпер у нас пачынаецца лібералізацыя?

Пару гадоў таму сярод шэрагу незалежных беларускіх эканамістаў паўстала думка пра тое, каб стварыць праграму развіцця бізнесу. І я вам скажу, што ў 2010 годзе адбыўся такі рэвалюцыйны ўсплёск – па найважнейшых пытаннях (ліцэнзаванні, падатках, арэнднай плаце) у Беларусі сталі ўжываць пазіцыі нацыянальнай платформы бізнесу.

Лібералізацыя – гэта не толькі нейкія дзеянні ўрада, гэты пэўны маральны стан грамадства. Калі вітаецца ініцыятыва і прадпрымальніцтва. І тут мы зрабілі нейкі крок наперад.

Але тут ёсць другі вельмі важны момант. Лібералізацыя патрэбная наменклатуры для таго, каб прыватызавацца. Тут сутыкнуліся два магутныя струмяні пажаданняў – саміх бізнесмэнаў і наменклатуры. І я б сказаў, што лібералізацыя цяпер патрэбная нават больш наменклатуры, чым бізнесу. Ну, якая лібералізацыя Мазу ці МТЗ? Для дзяржпрадпрыемстваў, чым вышэй ступень дзяржаўнага рэгулявання, тым лепш – забяспечваецца рынак, збыт, прыбыткі, заробкі… Лібералізацыя патрэбна толькі тады, калі нашы службоўцы, міністры і іх сябры гэтыя прадпрыемствы пачнуць дзяліць.

У нас цяпер псуюцца адносіны з Расіяй. Ці зможам мы выжыць без расійскага рынка? Што нас чакае і якія ёсць альтэрнатыўныя варыянты?

Расія пры дапамозе коштаў на нафту і газ увяла адмысловы падатак на Лукашэнку – гэта прыкладна 4 мільярды долараў, гэта значыць 400 долараў на чалавека. Калі будзе іншы прэзідэнт, то я гарантую, што ўсе праблемы, звязаныя з Пуціным, коштамі на газ і нафту будуць вырашаныя на працягу паўгадзіны. Беларусь будзе мець абсалютна нармальныя рынкавыя адносіны з Расіяй. Так што 19 снежня беларусы выбіраюць, як ім быць у 2011 годзе.

Усё ж, якія ў нас ёсць рэсурсы, каб выжыць без расійскага рынка?

Мы можам збалансавана весці нашы эканамічныя адносіны з астатнім светам, з краінамі Азіі, краінамі 3-га свету. Еўрасаюз для нас – гэта ўстойлівы знешнеэканамічны арэал, але пакуль гэта толькі 1/3. Я думаю, прыкладна гэта можа быць так – 1/3 Расія, 1/3 Еўрасаюз і 1/3 – астатні свет. Гэта была б аптымальная формула шматвектарнай знешенэканамічнай дзейнасці.

Расія цяпер заканчвае будаўніцтва "Паўночнай струменю". Нашы нафтаправоды забіралі прыкладна 30% ад пастаўкі вуглевадародаў у Еўропу, 70% - гэта трубаправоды праз Украіну. Цяпер Расія ўводзіць "норд-стрым", і ў прынцыпе, мы будзем проста не патрэбныя. Нам трэба быць больш рэалістычнымі, уходзіць ад існуючых зараз грандыёзных праграм уласнага сцвярджэння ў Еўропе, што мы цэнтр Еўропы, і ўсё жадаюць укладваць у нас інвестыцыі…

Сёлета ў нас быў яшчэ крэдыт ад МВФ (апошні транш), былі грошы ад продажу Белтрансгаза… У 2011 годзе гэтага ўсяго ўжо не будзе. Ці выжывем мы самі без нейкіх дадатковых крэдытных ліній?

Я лічу, што 3,6 мільярда долараў ад МВФ нам былі абсалютна не патрэбныя. Крэдыты, якія мы бралі ў 2009-м і 2010-м гадах, трэба будзе адпрацоўваць у 2011-м і 2012-м. Наогул, беларусы набралі дзесьці 22 мільярды долараў крэдытаў, сума нядрэнная – прыкладна 2200 долараў на чалавека. Гэта значыць, калі гэта сям'я з двума дзецьмі, то гэта будзе 8 тысяч долараў на сям'ю. Хто будзе аддаваць гэтыя грошы?

Ці не атрымаецца так, што ў 2011 годзе да 8 тысяч трэба будзе дадаць яшчэ па пары тысяч?

Я лічу, што гэта зусім вар'яцкі шлях. Гэта жыццё не па сродках, трэба вярнуцца ў звычайнае становішча – не жыць у крэдыт, а зменшыць спажыванне. Няма чаго павялічваць зарплату на 10-30%. Калі ў нас ВУП вырас дзесьці на 6,5%, а зарплаты і пенсіі мы павялічваем на 10-30% – навошта гэта? У савецкі час за гэта паслалі б на 10 гадоў без права перапіскі.

Эканамічная палітыка, якая ў нас праводзіцца, не адпавядае нават стандартам марксісцка-ленінскіх партый. Усё робіцца на ўзроўні анархісцкай, лявацкай палітыкі забягання наперад. Я лічу, што абавязкі браць нельга, трэба матывавацца на строгае абмежаванне спажывання. Трэба жыць па сродках.

Зразумела, што трэба рабіць, але, як вы думаеце, што будуць рабіць – па-ранейшаму браць крэдыты ці ўсё ж паволі іх аддаваць?

Беларусы ўжо сталі рабіць высновы, яны сталі абменьваць беларускія рублі, якія друкуе наш урад, на долары і еўра. Гэта значыць беларусы ўжо апрытомнелі. Яны бачаць, што раз кіраўніцтва краіны пазычае столькі грошай, то, такім чынам, гэта кіраўніцтва абваліць уласны курс рубля. Гэта значыць зробіць дэвальвацыю, рубель будзе таннейшым.

Што застаецца ўстойлівым? Долар і еўра. Таму людзі паступаюць рацыянальна, калі назапашваюць, не спажываюць сваю зарплату, а перакладаюць у долары. Пры дапамозе гэтага метаду само насельніцтва паставіць урад у цвёрдыя рамкі – у нас паўстане адмоўны аплатны баланс, будзе высокі недахоп ў валюты, трэба будзе больш прадаваць, больш экспартаваць.

Вы закранулі пытанне дэвальвацыі. Усё ж ці будзе яна ў наступным годзе, ці атрымаецца ўтрымаць рубель?

Дэвальвацыя чым тлумачыцца? Тым, што мы больш купляем замежных тавараў, чым прадаём. Гэта значыць у нас узнікае дэфіцыт валюты, яна становіцца даражэйшай і даводзіцца праводзіць дэвальвацыю. Дык вось з гэтага года толькі з Расіяй мы маем адмоўнае сальда каля 600 мільёнаў долараў. Я не ведаю, чым думаюць у кабінетах – першы месяц мінус 600 мільёнаў, другі месяц – мінус 600…

Таму, каб прывесці ў прытомнасць наш спажывецкі комплекс, нашых полісімэйкераў – дэвальвацыя будзе проста неабходная.

Пытанне ў тым, як яна будзе адбывацца – разава, хутка, як на пачатку мінулага года, калі раптам абвясцілі, што мы сталі бядней на 15%?

Я заўсёды прапаную рабіць гэта спакойна – па 2-3% у месяц максімум, пакрысе дэвальваваць беларускі рубель, пакуль ён не спыніцца на раўнаважкім значэнні.

А наогул, лепш закрэсліць тры нулі ў беларускіх грашовых знаках, таму што суадносіны адзін долар і тры тысячы рублёў – гэта смешна. Засталося 3-4 краіны ў свеце, дзе намінал у доларавым эквіваленце лічыцца на тысячы. Трэба закрэсліць тры нулі, і наш рубель стане больш паўнавартасным. Гэта можа стаць пачатковай кропкай, каб прывесці ў прытомнасць увесь наш эканамічны клас – у нас даражэйшы рубель, мы павінны быць больш эканомнымі і г.д. Гэта нават не дэвальвацыя, а правядзенне манетарнай рэформы.

Выбары ўсё бліжэй і бліжэй… Як яны паўплываюць на эканоміку? Ці не псуюць выбары эканоміку? Паколькі ніякіх балючых мер пакуль прадпрымацца не будзе – любая рэструктурызацыя прадугледжвае павелічэнне беспрацоўя, звальненні… Зразумела, што цяпер гэтага ніхто рабіць не будзе. А пасля выбараў?

Традыцыя нашых выбараў складаецца ў тым, што ў год выбараў заўсёды павялічваюць зарплату і прыбыткі. Людзей проста купляюць за кошт павышэння зарплат. Інвестыцыі паменшыліся, рост пакупак ужо пад 19% - насельніцтва адвязалася, цешыцца…

2010 год – гэта не год прадпрыемстваў, не год рацыянальнай эканомікі. Гэта палітычны год, завяршэнне аднаго палітычнага цыклу і пачатак наступнага. Эканамічны цыкл падпарадкаваны палітычнаму. Сапраўды, у гэты перыяд прадпрыемствы за кошт таго, што змушаныя плаціць вялікія зарплаты, не пакідаюць грошай на інвестыцыі, яны не могуць у фінансавым плане ствараць перспектыўныя зачыны, абнаўляць абсталяванне, тэхніку.

Таму гэты год – адмоўны для дзелавога цыклу. Наступны, 2011 год, будзе годам паёжванняў. Як пасля вялікай колькасці выпітага спіртнога, мы будзем прыходзіць у прытомнасць. Пачнуць расці кошты, мы пачнём ліхаманкава глядзець, што рабіць з рублём, пачнём шукаць, дзе пазычыць грошы.

Ну вось, напрыклад, Кітай дасць 15 мільярдаў...

Вядома, Кітай дасць 15 мільярдаў. І мы купім на гэта кітайскую тэхніку, машыны, аўтамабілі, станкі, абсталяванне. Кітайцы малайчыны – яны збудуць, прададуць свае тавары, а мы будзем вінны ім 15 мільярдаў. Гэтыя недарэчнасці, досыць небяспечныя крокі па пазычанні грошай, па пабудове велічэзных схем дастаўкі сыравіны – усё гэта нас збівае з нармальнага шляху развіцця.

Беларусь – малая адкрытая эканоміка. Мы павінны выбудоўваць наша эканамічнае развіццё за кошт узмацнення нашых рынкавых пераваг, развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прадпрымальніцтва, будаўніцтва інфраструктуры, стварэння краіны зручнай для бізнесу і г.д.

Беларусь – гэта не краіна, зручная для вытворчасці самазвалаў, а краіна зручная для таго, каб сюды маглі прыязджаць еўрапейцы, расіяне – адпачываць, працаваць, ствараць новыя вытворчасці, кадравы патэнцыял…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі