"Залатыя яйцы" "Ляпісаў" перайшлі ў "Капітал"

Беларускі гурт "Ляпис Трубецкой" цалкам скончыў працу над новым альбомам "Капитал".
На дыск трапілі 11 кампазіцый, сярод якіх ужо вядомыя слухачам песні "Харэ", "Андрюша" і, вядома, загалоўная, і ўжо хітовая, песня "Капитал".

Ужо зараз людзі, якія чулі новы альбом, кажуць, што ён мае ўсе шанцы стаць для "Ляпісаў" такім жа знакавым, як "Ты кинула" 98-га года і "Юность" 2001-га. Але ідэалагічна "Капитал" з’яўляецца іх супрацьлегласцю і працягвае традыцыі папярэдняга студыйнага дыску "Золотые яйцы".

Вядома ж, гурт не згубіў свайго знакамітага гумару, але ён цалкам адмовіўся ад эстрадных нумароў і пародый на шансон. Таксама змянілася гучанне калектыву.

"Ляпісы", якія ўспрымаюцца як адзін з найлепшых канцэртных калектываў постсавецкай прасторы, нарэшце здолелі паказаць сваю энергетыку і ў студыі – альбом атрымаўся "жвавым" і драйвовым. Нямала паўплываў на гэта вядомы ўкраінскі саўндпрадзюсар Віталь Цялезін, пад чыім кіраўніцтвам быў запісаны дыск.

Па словах лідэра гурта Сяргея Міхалка, адзін з галоўных сакрэтаў гэтага альбому – адмова “ад усіх лішніх інструментаў і партый. Ніякіх ды-джэяў, клавішных і нават фонавых акустычных гітар. Толькі бубны, электрычныя гітары і духавыя. Карацей, сапраўдны рок-н-рол!"

Дадам, што дыск з’явіцца ў продажы 1 траўня.

Фота — simg.mail.yandex.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі