Замест гурта Neuro Dubel у космас паляцелі Белка і Стрэлка

4 сакавіка гурт Neuro Dubel атрымаў рок-карону "за адданасць рок-музыцы". Але гэта было ўвечары. А ўдзень Кулінковіч і К здымаліся ў новым кліпе Анатоля Вечара для праграмы "PROдвижение+". Таму музыкі і прыйшлі ў "Рэактар" у грыме: з сівымі валасамі, бародамі і вусамі.


Здымкамі кліпа кіраваў Анатоль Вечар. Мы папрасілі яго падлічыць, колькі ролікаў ён дагэтуль зняў для Neuro Dubel за 20 гадоў існавання гурта. Але рэжысёр заблытаўся. На дапамогу прыйшла Аксана:

Анатоль Вечар:
"Аксана, колькі мы знялі "дзюбелям" кліпаў"?

Аксана Вечар:

"Сашка [Кулінковіч — заўв. Еўрарадыё] казаў, 16 — 18".





Што і казаць, некаторыя кліпы выйшлі падобныя адзін да аднаго. Але толькі не гэты! Аксана Вечар распавядае, як Neuro Dubel ператварыўся ў "нейрадзядулек":

Аксана Вечар: "Спачатку мы хацелі пераўвасобіць "дзюбеляў" у касманаўтаў. Гэта была ідэя Вечара... Каб яны апранулі скафандры і хадзілі па горадзе. пераводзілі бабульку праз вуліцу, дапамагалі людзям, і ў выніку спазняліся на ракету!

Але скафандраў у Мінску не знайшлося: мы прасілі адзін у рэстаране "Deja Vu", але там ён намёртва ўмантаваны ў дэкарацыю. Карацей, скафандраў не знайшлі".





А лідэр Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч якраз хацеў, каб у кліпе зняліся дзюбелі-ветэраны. У выніку дзве ідэі спалучылі. Музыкі, якіх загрыміравала Алена Бартлава, жонка вакаліста J:МОРС Уладзіміра Пугача, ішлі па горадзе на свой апошні палёт, прыгадваючы мінулыя поспехі. Але ўсё ж спазніліся на ракету...

Аксана Вечар: "Ракета адлятае без ніх. У выніку ў канчатковым варыянце кліпа будуць газеты: Сенсацыя! Экіпаж спазніўся на ўзлёт! Замест іх паляцеў дубль Белка і Стрэлка! Дарэчы, гэты фінал я прыдумала!".

Што цікава: падчас здымкаў музыкаў з Neuro Dubel не пазнаў ніводны мінак. Затое гледачы "Рок-каранацыі" адразу ўцямілі, хто перад імі:





Так што цяпер мы ведаем, як Neuro Dubel будзе выглядаць ва ўзросце Міка Джагера, "Scorpions" і іншых зорак мінулага, чыя адданасць рок-музыцы не падлягае сумневу.

 
Фота: Tarantino, "БелаПАН",

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі