Замест ільготнага праезду студэнтам дадуць 28 тысяч рублёў

Праект закону адраснай сацыяльнай дапамогі нагадвае сакрэтны дакумент, які чыноўнікам забаронена каментаваць Ужо праз чатыры месяцы студэнты згубяць ільготы на праезд у грамадскім транспарце. Тыя, каму пашанцуе, будуць атрымліваць сацыяльную адрасную дапамогу. Распрацоўкай такога праекта ўказа займалася камісія з прадстаўнікоў розных міністэрстваў. Каментаваць адмаўляюцца амаль усе.

"Пакуль ёсць такая дамоўленасць не даваць інфармацыю: што там і як. На першапачатковай стадыі мы давалі каментар, але пасля да нас звярнуліся з просьбай гэтага не рабіць.

У снежні, калі выйдзе указ прэзідэнта, тады мы будзем усё каментаваць і ўсё расказваць, а пакуль ён у распрацоўцы. Мы ж не ведаем, што будзе на выхадзе".

І тым не менш Еўрарадыё сталі вядомымі некаторыя падрабязнасці: у першым варыянце праекта ўказа студэнтам была прадугледжана штомесячная выплата ў памеры 28 тысяч рублёў. Аднак не ўсе распрацоўшчыкі праекта згадзіліся з гэтай цыфрай. Прафсаюз — за яе павялічэнне, бо гэтых грошай хопіць толькі на праязны білет на адзін від транспарту, які зараз каштуе каля 22 тысяч беларускіх рублёў. Астатніх грошай іншагародняму студэнту не хопіць нават, каб заехаць да бацькоў. Да чаго змаглі дамовіцца на сённяшні дзень, мы запыталіся ў аднаго з супрацоўнікаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і наукі.

"У праекце ўказа прадугледжаны формы сацыяльнай падтрымкі моладзі, накіраваныя на кампенсацыю праезду. У якой форме і ў якім памеры – гэта пакуль адкрытае пытанне".

Спачатку дапамогу прапанавалі тым, чый сярэднесямейны даход на аднаго чалавека складае 100% бюджэту пражытковага мінімума, потым 200%. Які варыянт далі на подпіс прэзідэнту невядома. У прэс-цэнтры Міністэрства сацыяльнай абароны і працы Еўрарадыё сур’ёзна сказалі, што студэнты на джыпах ільготны праезд у грамадскім транспарце не атрымаюць.

"Толькі тым катэгорыям, якія маюць патрэбу. Ёсць студэнты, якія прыязджаюць на заняткі на джыпе, а ёсць і з сельскай мясцовасці, з шматдзетных сямей. У іх бацькі зарабляюць 200-300 тысяч рублёў — вось ім і будзем дапамагаць".

Яшчэ адно цікавае пытанне: хто будзе выплачваць адрасную сацыяльную дапамогу?

Супрацоўнік: Былі розныя падыходы, але пакуль ідзе размова, што ўсе выплаты будзе праводзіць установа адукацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі