Запарожская АЭС цалкам спыненая: яна ўсё яшчэ небяспечная

Запарожская АЭС / Reuters
Запарожская АЭС / Reuters

Ноччу 11 верасня апошні энергаблок Запарожскай АЭС адключылі ад энергасеткі. Ідзе падрыхтоўка да яго расхалоджвання і пераводу ў халодны стан, паведамляе "Энергаатам" Украіны.

Апошнія трое сутак 6-й энергаблок працаваў у рэжыме выспы, падсілкоўваючы толькі ўласныя патрэбы ЗАЭС на крытычна нізкім узроўні магутнасці (ад 114 да 140 МВт), паколькі з-за расійскіх абстрэлаў былі пашкоджаныя ўсе лініі сувязі Запарожскай АЭС з энергасістэмай Украіны.

Увечары 10 верасня была адноўлена адна з ліній электрасілкавання ЗАЭС ад энергасістэмы Украіны. Як тлумачыў Еўрарадыё крыніца на станцыі, знешняе электрасілкаванне крытычна важна для працы сістэмы астуджэння станцыі. Калі яна не працуе, з'яўляецца вялікая рызыка аварыі. Сістэма астуджэння павінна функцыянаваць і пасля прыпынку энергаблокаў.

Калі лінія сувязі з энергасістэмай Украіны будзе пашкоджана зноў, сілкаванне ЗАЭС прыйдзецца забяспечваць за кошт рэзервовых дызель-генератараў. Пратрымацца яны могуць нядоўга.

Тэрмін працы абмежаваны тэхналагічным рэсурсам і аб'ёмамі наяўнага дызельнага паліва. "Энергаатам" ажыццяўляе ўсе магчымыя меры, каб арганізаваць пастаўкі на ЗАЭС дадатковых партый дызельнага паліва, — піша "Энергаатам".

Ведамства нагадвае, што для бяспечнай працы станцыі павінны быць спыненыя абстрэлы і створана дэмілітарызаваная зона вакол яе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі