Затрыманыя чацвёра падазраваных ў абстрэле грузавіка з клубніцамі
Усе яны жыхары Лунінецкага раёну.
Нагадаем, што здарэнне адбылося ўначы з 12 на 13 чэрвеня. Невядомыя на двух аўтамабілях пераследавалі мікрааўтобус "ГАЗ-3302". Спярша ў Лунінецкім раёне Брэстчыны, потым у Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны. У бок "ГАЗелі" было зроблена некалькі стрэлаў з паляўнічай стрэльбы.
Стралкі пашкодзілі колы, пасажырскія дзверы, рэгістрацыйны знак, задні ліхтар бартавой "ГАЗелі". У аўтамабілі перавозілася 500 кг клубніцаў. Кіроўца і пасажыр не пацярпелі.
Жыткавіцкі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу па факце хуліганства, учыненага з ужываннем зброі. Як паведамляе партал "Медыя-Палессе", малодшаму з затрыманых мужчын 23 гады, старэйшаму - 40 . Усе яны знаходзяцца ў пінскім ізалятары часовага ўтрымання.
Падрабязнасці і прычыны ўзброенага канфлікту пакуль не разгалошваюцца ў інтарэсах следства. Калі віна падазраваных будзе даказаная, ім пагражае да 7 год пазбаўлення волі.