Завочнікам прапануюць служыць у рэзерве
Еўрарадыё высвятляла, як Мінабароны будзе прызываць студэнтаў-завочнікаў у войска, і ці абмяркоўвалася гэта з універсітэтамі.
Як стала вядома Еўрарадыё, завочнікам, якіх плануюць прызываць у войска, прапануюць службу ў рэзерве.
Нагадаем, у канцы снежня дэпутаты прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон аб вайсковай службе, згодна з якімі завочнікі будуць служыць. Плануецца, што змены не закрануць тых, хто ўжо вучыцца.
Як патлумачыў начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Вячаслаў Раменчык, яны найперш змогуць выбіраць службу ў рэзерве.
Вячаслаў Раменчык: "Дадзенай катэгорыі будзе ў прыярытэтным парадку давацца права праходзіць службу ў рэзерве. Такім чынам яны змогуць спалучаць вучобу, працоўную дзейнасць і вайсковую службу".
У рэзерве служаць тры гады (два гады з вышэйшай адукацыяй). Зборы праходзяць у кожнай вайсковай частцы па-свойму, але прыблізна ад 35 да 40 дзён раз на год.
Чакаецца, што прызываць будуць усіх завочнікаў, акрамя тых, хто можа атрымаць адтэрміноўку па здароўі ці іншых абставінах, якія вызначаныя ў законе.
Вячаслаў Раменчык: "Цяпер у Беларусі дзейнічае самая вялікая ў свеце колькасць адтэрміновак ад прызыву — 29. У Расіі — 27, ва Ўкраіне — 19".
Завочнікі ў войску спатрэбіліся, таму што не хапае салдат: у дзевяностых нараджалася мала дзяцей.
Вячаслаў Раменчык: "Такім чынам, перыяд 18-20 год праходзіць, і дэмаграфічная сітуацыя змяняецца ў бок мінуса. Гэта ўплывае на стан працоўных рэсурсаў і таксама прызыўнога кантынгенту. Сітуацыя пралічаная, таму ёсць прапанова адмяніць адтэрміноўку для студэнтаў завочнай адукацыі".
На думку начальніка другога адзела БДУ Сяргея Радзівонава, інтарэс Мінабароны абгрунтаваны, але рэзервы трэба шукаць не сярод студэнтаў.
Сяргей Радзівонаў: "Маё асабістае меркаванне — хлопцы павінны вучыцца. Але, на жаль, у нас не пытаюць асабістых меркаванняў кагосьці. Я не ведаю становішча агульнага ў рэспубліцы, але ведаю, што па стане здароўя і колькасці прызыўнікоў яно кепскае. Я думаю, што рэзервы трэба шукаць не сярод тых, хто вучыцца. Ёсць у нас дастаткова студэнтаў-завочнікаў, і на кожным курсе больш за сотню".
Да 2002 году завочнікі мелі адтэрміноўку толькі на першым і апошнім курсах. І тады, кажа Сяргей Радзівонаў, многія кідалі ўніверсітэт назусім.
Сяргей Радзівонаў: "Пасля службы ў войску прыходзяць больш сталыя хлопцы. І пытанне, ці вернецца ён да вучобы".
Калі завочніка прызавуць не ў рэзерв, на звычайную службу, то месца ва ўніверсітэце за ім захаваецца, паабяцалі ва ўніверсітэтах.
Пасля войска завочнікі змогуць аднавіцца ва ўніверсітэце, прычым па спрошчанай схеме — дастаткова толькі напісаць заяву.
"На час службы яго адлічваюць, потым яго аднаўляюць на той самы курс, з якога ён сыходзіў. Ну, напрыклад, калі ён пайшоў з другога курса ў войска, то яго аднаўляюць на другі курс і ён вучыцца далей", — распавялі Еўрарадыё ў Акадэміі мастацтваў.
Але ж як быць з тымі спецыяльнасцямі, дзе набор праходзіць раз на некалькі год і на якіх вучацца амаль адны хлопцы — як, напрыклад, гукарэжысёр?
"Значыць, яшчэ год пачакае, а можа на іншую спецыяльнасць адновіцца, а можа за два гады перадумае аднаўляцца".
Фота: bymedia.net