Земфіра пра канцэрт у Мінску: "Больш я сюды не прыеду"

Падчас свайго канцэрту спявачка забараніла паліць і здымаць нават на мабільныя, а таксама распавяла, што ёй сапсавала настрой па дарозе ў Мінск, і чаму больш не жадае выступаць у сталічным "West World Club".
Па "традыцыі" на ўваходзе ў "West World Club" выбудавалася велізарная чарга — як вядома, нават самых дарагіх квіткоў на канцэрт Земфіры ў Мінску было не знайсці яшчэ за месяц  да канцэрту. Дзіўна, але многія з прысутных у зале прыхільнікаў спявачкі ехалі на ўвесь гастрольны тур.
 
У раёне паловы на дзявятую — праз паўгадзіны пасля заяўленага часу —  зала "West World Club" забілася настолькі, што было немагчыма рухацца, і ўтварылася страшная цісканіна. Абсалютна некантралюемы натоўп спрабаваў прайсці бліжэй да цэнтра, каб убачыць сцэну, якая з усіх бакоў была застаўлена калонкамі і шырмамі так, што цалкам закрывала музыкаў.
 
Як і было заяўлена першапачаткова, сэт ліст складаўся з песень трох першых альбомаў, якія Земфіра перавыдала зусім нядаўна, плюс некалькі кампазіцый з позняй творчасці спявачкі. Усе кампазіцыі былі прадстаўленыя ў цікавых электронных аранжыроўках, дзякуючы якім старыя любімыя кампазіцыі  засталіся знаёмымі, але гучалі свежа і актуальна. Музыкі выкарыстоўвалі толькі драм-машыну, бас і сінтэзатар. Земфіра гучала вельмі танцавальна, але з-за цісканіны рухацца на танцполе было проста немагчыма.
 
Літаральна пасля трэцяй песні спявачка паскардзілася на дрэнны гук і ўзгадала свой першы выступ у Мінску ў 1999 годзе.
 
Земфіра: "Тлумачу вам пра ваш клуб: мой першы саўндчэк у "West World Club"  доўжыўся 8 гадзін. Мы нічога не маглі зрабіць, мала таго, што мы нічога не ўмелі. І ўсё адно гук застаўся жахлівым. І вось усе гэтыя 10 гадоў тут адна і тая ж карціна. На саўндчэку ты адчуваеш нейкую роспач, нейкую безвыходнасць. Але потым неяк атрымліваюцца канцэрты.  Таму сёння я загадзя папярэдзіла сваіх музыкаў, каб ніхто надта не нерваваўся — усё адно ўсё атрымаецца".
   
Так, на працягу ўсяго канцэрту Земфіра часта звярталася да публікі, хоць і была заўвана не ў настроі. Але яе голас часцяком перабівалі хрыплыя выкрыкі прыкметна выпіўшых мужчын з залы. Фразы кшталту "Ды ўсё нармальна!" і "Мы цябе любім" перабівалі спявачку, якая ўрэшце спытала: "Можа мне заткнуцца?". Неўзабаве Земфіры наогул перахацелася размаўляць.
 
У 2-й частцы канцэрту Земфіра ўзяла гітару, зайгралі жывыя барабаны і выступ ператварыўся ў рок-канцэрт.
 
У адну з паўз паміж песнямі спявачка распавяла, што ўбачыла ў самалёце газету "Советская Белоруссия", вырашыла пачытаць яе і была вельмі здзіўленая, калі убачыла ў адным з артыкулаў пару радкоў пра сябе. Аўтар артыкула назваў Земфіру "спявачкай не якая сябруе з мазгамі" і абвінаваціў яе ў смерці падлетка на адным з канцэртаў у Якуцку.
 
"Гэта хлусня. А аўтар — падлюга. У мяне адразу пасля гэтага ўвесь настрой знік, — заявіла спявачка і рэзюмавала: Спадзяюся, вы гэта не чытаеце".
 
Прыхільнікі, скарыстаўшыся кампактнай пляцоўкай, падарылі Земфіры велізарную колькасць кветак, што нават некалькі збянтэжыла спявачку:
 
Земфіра: "Мне нават трохі няёмка. Таму што ў такіх тэлеартыстаў ёсць спецыяльныя нумары —  абавязковы момант у канцэрце, калі яны ідуць у народ збіраць кветкі. Я ж раблю гэта толькі для таго, каб у вас вызваліліся рукі".
 
Было яшчэ некалькі паўз, калі музыкі спрабавалі адладзіць гук, але Земфіра засталася незадаволеная вынікам.
 
Земфіра: "Клуб у вас гаўно. У такім вялікім горадзе, сталіцы, няма нармальнай установы. Пара ўжо будаваць новы клуб".
 
Нягледзячы на тое, што Земфіра старалася і ўвесь час дзякавала публіцы за падтрымку, было бачна, што пасля газетнага артыкулу і ўмоў у клубе, у яе не лепшы настрой. Да таго ж, у зале было вельмі горача, кандыцыянеры не спраўляліся, і ў спявачкі разладзілася гітара.
 
Земфіра: "Я дзіка стамілася. Гэта вельмі нязручнае месца для выступу. Трымаюся толькі з-за вас. Гэта, шчыра кажучы, антымузычная пляцоўка. Атрымаць задавальненне тут... ну я не ведаю. Больш я сюды не прыеду. Гэта выключана, вядома".
 
Канцэрт працягваўся каля гадзіны сарака. Земфіра папрасіла не рабіць "тэатральную" паўзу для выхаду "на біс", сыграўшы ўсю праграму адразу. Традыцыйна, для гэтага міні-тура канцэрт скончыўся цоеўскай "Попробуй спеть вместе со мной", і песнямі "Австралия", "Главное" і "Бесконечность".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі