Жанчыне з перасаджаным сэрцам не хапае грошай на ежу

Наталля Радкевіч, якой у лютым зрабілі першую ў Беларусі аперацыю на сэрцы, з цяжкасцю ідзе на папраўку. Жанчына не можа есці дыетычныя прадукты, прапісаныя дактарамі, бо ў сям’і няма на іх грошай.  Праблемы з сэрцам у жыхаркі Клецка абвастрыліся, калі яна нарадзіла другое дзіця. Пакуль ёй рабілі аперацыю, сынамі апекаваўся муж Юры. Дзеля гэтага яму давялося кінуць працу, на якой ён атрымліваў добры заробак. Юры дагэтуль знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Ён кажа, што выйсці на працу не можа, бо жонка не ў стане апекавацца малым:

“Нядаўна паехала на звычайную праверку і два тыдні правяла там, у цэнтры (Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Кардыялогія”. — Еўрарадыё). Чатыры разы адкладвалі выпіску, бо там нешта з аналізамі кепска было. Вось зараз дамоў прыехала. Яе перавялі на інсулінавыя таблеткі і яе ад іх ванітуе. Апошнім часам вельмі кепска ёй”.

Сёння сям’я з чатырох чалавек жыве за 450 тысяч у месяц. З іх 189 тысяч — гэта пенсія Наталлі, рэшта — дапамога па доглядзе за дзіцем. Каб хутчэй папраўляцца, жанчына павінна ўжываць якасныя прадукты.

“Харчуецца яна чым, як кажуць, Бог паслаў. У мяне няма выбару. Якая ікра чырвоная? Вы што?! Мы такога і не набывалі ніколі! Калі ёй аперацыю зрабілі, патрэбна была ялавічына маладая. І лепшыя прадукты, якімі харчуюцца, скажам так, новыя беларусы”, — кажа Юры Радкевіч.

Набываць даражэйшыя прадукты Радкевічы маглі, пакуль людзі дасылалі на іх адрас грашовыя пераводы. Гэта працягвалася некалькі месяцаў пасля аперацыі дзякуючы таму, што пра Наталлю часта пісалі ў прэсе. Юры падлічыў, што агулам яны атрымалі ад людзей каля 10 мільёнаў рублёў. Грошы хутка разыйшліся, бо адразу пасля маці ў бальніцу трапіў малодшы сын. У яго была непраходнасць страўніка і заварот кішак, таму давялося рабіць аперацыю.

Намесніца начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкама Галіна Міхайлава пералічыла, колькі разоў сям’і аказалі адрасную дапамогу:

“У студзені было выплачана 674 100 рублёў, жнівень, верасень, кастрычнік – 1 мільён 83 тысячы”.

“Аблвыканкам даў мільён, Клецкі райвыканкам 600 тысяч. 260 тысяч сацзабеспячэнне дало, калі ёй аперацыю зрабілі”, — падлічвае Юры.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай дапамогі выдзеліў бясплатнае харчаванне для малодшага сына:

“Калі даход сям’і менш за бюджэты пражытачнага мінімуму, мае права на бясплатнае харчаванне. Прыкладна 120 тысяч рублёў у месяц, але выдаецца ў натуральнай форме — сокі, пюрэ, кашы”.

Але грошай катастрафічна не хапае. Не кажучы пра тое, каб палепшыць умовы пражывання. Дактары настойваюць, каб Наталля мела асобны пакой. Зараз у аднапакаёвай кватэры цясніцца ўся яе сям’я. Жылая плошча складае 14 квадратных метраў.

Яшчэ адна графа выдаткаў — частыя паездкі ў Мінск. Да чэрвеня, пакуль дазвалялі фінансы, Юры вазіў жонку сваёй машынай.

“Цяпер, каб прывезці яе з цэнтра, кожны раз хаджу ў Клецкую райбальніцу, дык там такая сварка адбываецца! Бо Мінздраў дамовіўся, каб яе завозілі, а забіраць мы самі павінны. А за якія ж шышы я забіраць буду?! Колькі ім ні тлумачыў — без сэнсу. Вы ведаеце, у нас пакуль сістэма ўлады не зменіцца, відаць, нічога не будзе”, — разважае Юры.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, калі Наталля паправіцца і зможа займацца дзіцем?

— Ведаеце, што сказалі? “Гарантый ніякіх мы не даем. Гэта ўсё залежыць ад арганізму”. Яна пахудзела зараз даволі капітальна.

Еўрарадыё пацікавілася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, ці могуць сям’і прадставіць сядзелку для дзіцяці, каб бацька змог выйсці на працу.

“Мы сядзелку ёй не зможам прадставіць, у яе адно дзіця, а ў нас паводле палажэння не дазваляецца. Мы не можам на бясплатнай аснове гэта прапанаваць, а яму, канешне ж, трэба бясплатна”, — адказалі ў цэнтры.

Права на бясплатную сядзелку Наталля магла б атрымаць, калі б нарадзіла двойню або тройню. Стан здароўя і матэрыяльная сітуацыя тут ролі не грае.


Грашовыя пераводы сям’і Радкевічаў можна дасылаць на адрас:
Клецк, вул. Леніна, д.31, кв.1, Радкевічу Юрыю Анатольевічу

На фота БелаПАН: так Наталля Радкевіч выглядала, калі выпісвалася з лякарні пасля аперацыі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі