“Жаркія” Каляды з “Троіцай”

25-га снежня ў “КАЗЕ” (то бок у КЗ “Мінск”) этна-трыа “Троіца” дасць калядны канцэрт, у праграме якога  ёсць усё: ад сучасных  эксперыментаў да традыцыйных калядных песень пра казу. 2008 год стаўся асаблівым для этна-трыа “Троіца”: гурт не толькі даў шэраг канцэртаў па усім свеце, але і скончыў працу над двума альбомамі – “Сон-трава”, які з’явіўся на паліцах музычных крамаў яшчэ вясною, і “Жар-жар”, выхад якога і супадзе з вялікім канцэртам на Каляды 25-га снежня.



Альбом “Сон-трава” цалкам і назаўсёды пацвердзіў прыналежнасць нашай “Троіцы” да world-music, упісаў каманду ў эшалон еўрапейскіх этна-зорак.



У сваю чаргу плыта “Жар-жар” адкрывае слухачу новую, зусім незвычайную, эксперыментальную “Троіцу”. Гітарыст гурта Юрась Дзмітрыеў падкрэслівае выпадковасць прыходу да эксперыментальнага гучання:

Юрась Дзмітрыеў: “ У сакавіку 2005-га мы сабраліся ў студыі, каб пачаць запіс чарговага акустычнага “троіцкага” альбома.  У працэсе працы над першай песняй – гэта была «калядная» кампазіцыя «Каза» – пачаліся эксперыменты, пасля чаго мы былі вымушаны рухацца ў эксперыментальным накірунку.  Справа ў тым, что ў песні «Каза» трэба было пісаць ліру, і тут, не памятаю ўжо хто гэта прыдумаў, мы раптам вырашылі запісаць ліру праз узмацняльнік…Яна загучала вельмі цяжка! Вядома, яна ж змяніла гучанне тэмы ў прынцыпе. Калі мы праслухалі, што атрымалася, то зразумелі, што пісаць далей поўную акустыку бессэнсоўна”.

Увогуле, удзельнікі трыа лічаць эксперымент разавым, і заяўляюць, што гэта не зусім “Троіца”.Тым не менш, успрымаць слова “эксперыментальны” літаральна не трэба: на плыце слухач не знойдзе дыскатэк, зашмат электронікі альбо, да прыкладу, хэві-металу, аднак і не будзе абдзелены звыклымі аўтэнтычнымі інструментамі з экслюзіўнай калекцыі гурта.




У дзень выхада кружэлкі “Жар-жар”, 25-га снежня ў КЗ "Мінск" этна-трыа “Троіца” адыграе зімовы канцэрт, дзе плануе паказаць прыхільнікам новыя і старыя творы, а таксама пашаманіць у сваіх лепшых традыцыях.




Фота з сайта гурта www.troitsa.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі