Жазэ Тэйшэйра сустрэўся з беларускімі студэнтамі

Навучэнцы пыталіся ў еўрачыноўніка пра Ўсходняе Партнёрства, эканоміку краін ЕС, наступствы прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне і лёс адлічанай студэнткі Таццяны Шапуцькі.
15 лютага старшыня прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Ўкраіне і Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён правёў перамовы з рэктарам універсітэта Сяргеем Абламейкам, наведаў Інфармацыйны цэнтр ЕС пры БДУ, а таксама адказаў на актуальныя пытанні студэнтаў Факультэта міжнародных адносін.

Зала пасяджэнняў Факультэта міжнародных адносін з цяжкасцю змясціла ўсіх зацікаўленых. Сустрэча з 40-50 студэнтамі розных курсаў і спецыяльнасцяў пачалася раней запланавага і заняла болей першачаткова адведзенага часу.

"Было б лепей, каб мы мелі болей стасункаў на чалавечым, эканамічным, культурным узроўнях. Бо беларусы — несумненна еўрапейцы", — заявіў Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра ў пачатку прамовы.

Ён падкрэсліў, што хаця Беларусь, у адрозненне ад Малдовы і Ўкраіны, не выказвала жадання ўвайсці ў ЕС, абодва бакі мусяць мець болей адносінаў у розных сферах, хай і без палітычнай інтэграцыі. Чыноўнік прывёў прыклады Нарвегіі, Ісландыі, Швейцарыі, якія не ўваходзяць у ЕС, але эканамічна з ім інтэграваныя і падзяляюць каштоўнасці Еўрасаюза: правы чалавека, дэмакратыя, рынкавая эканоміка, вяршэнства права.

Адказваючы на пытанне аб складзе беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Еўранэст, спадар Тэйшэйра нагадаў, што гэтае рашэнне прымае Еўрапейскі Парламент, і канчаткова яно будзе вядомае толькі пасля спецыяльнага візіту еўрапарламентароў.

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра: "Еўрапейскі парламент лічыць, што беларускі парламент не быў абраны згодна са стандартамі ЕС і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Таму ён хоча бачыць іншае прадстаўніцтва ад Беларусі. Працэс прыняцця рашэння не завершаны. Ідуць дыскусіі, на наступным тыдні адбудзецца візіт еўрапейскіх парламентарыяў. І я не магу прадказаць, якое канчатковае рашэнне будзе прынятае на гэты конт".

Калі Еўрарадыё пацікавілася пра Таццяну Шапуцьку, спадар Тэйшэйра адзначыў, што ў свой час быў актыўным студэнтам, які браў удзел у працэсе дэмакратызацыі сваёй краіны. Таму гэтага пытання на сустрэчы з рэктарам спадар Тэйшэйра абысці не мог. Тым не менш, паразумення дасягнуць не ўдалося.

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра: "Мы не ставім пад пытанне існаванне пэўных універсітэцкіх правіл. Але выглядае, што наш лад мыслення — ЕС і Беларусі — розніцца, і гэта часам стварае непаразуменні. У краінах ЕС, калі студэнт адсутнічае некалькі дзён для ўдзелу на замежнай канферэнцыі, то гэта не прычына быць выключаным. Мы не лічым, што некалькі дзён пропускаў для ўдзелу у мерапрыемстве, важным для самой краіны, мусіць пазбавіць студэнтку магчымасці працягнуць навучанне".

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка на сустрэчы з Жазэ Мануэлем Тэйшэйрам адказаў, што Таццяна Шапуцька можа падаць дакументы на ўзнаўленне, але толькі ў наступным годзе.

Нагадаем, Таццяну Шапуцьку, намесніцу старшыні міжнароднай арганізацыі "Малады Фронт", адлічылі з другога курсу юрыдычнага факультэта БДУ пасля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці Ўсходняга Партнёрства ў Бруселі.

Пыталіся студэнты і пра наступствы еўрапейска-ўкраінскіх адносінаў пасля абрання Віктара Януковіча. 

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра: "Украіна гэтымі выбарамі зрабіла яшчэ адзін крок на шляху кансалідацыі дэмакратыі, і мы гэта вітаем, незалежна ад асобы пераможцы. Ва Ўкраіне быў вялікі прагрэс у дэмакратызацыі. Але пагэтуль ёсць прастора для развіцця, і выбарчае заканадаўства — адна з такіх сфераў. Напрыклад, перад выбарамі ва Ўкраіне быў прыняты новы выбарчы закон. Але ў краінах ЕС выбарчае заканадаўства не змяняецца кожны раз перад выбарамі, яно існуе доўгі час".

Чыноўнік прывёў прыклад сваёй краіны — Партугаліі. Паводле словаў Жазэ Тэйшэйры, у 7 гадзін вечара ўсе ведаюць вынікі выбараў, і ніхто не думае аб нейкай фальсіфікацыі. Адразу ж пасля закрыцця выбарчых участкаў той кандыдат, які прайграў, вітае пераможцу — і пытанне закрытае. Да гэта ўзроўню Ўкраіна яшчэ не дайшла, але рухаецца ў гэтым напрамку, адзначыў Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра.

На фота: Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра размаўляе са студэнтамі Факультэта міжнародных адносін БДУ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі