ЖЭС: Навошта вам патрэбна часовая рэгістрацыя?

З 1 студзеня традыцыйную прапіску замяніла рэгістрацыя. Карэспандэнт Еўрарадыё ў першы дзень новаўводзінаў паспрабавала атрымаць часовую рэгістрацыю на год, але ў мінскіх разлікова-даведачных цэнтрах да канца не ведаюць, як выглядае гэтая працэдура. У ЖЭСе Першамайскага раёна ўвогуле здзівіліся, навошта мне патрэбна часовая рэгістрацыя, калі з ёй я не змагу стаць на чаргу на ўласную кватэру і ўладкавацца на працу.

Еўр.: Я хацела б атрымаць часовую рэгістрацыю. Куды мне трэба звярнуцца, і якія дакументы падаць?
Спецыяліст: Усе дарослыя члены сям’і павінны прыйсці сюды. Вы прыходзіце, будзем складаць дамовы. Усё робіцца на месцы. Патрэбны пашпарт ваш, гаспадыні і ўсіх, хто прапісаны па гэтым адрасе. А да каго вы будзеце рэгістравацца?
Еўр.: Да цёткі.
Спецыяліст: Навошта вам часовая рэгістрацыя?
Еўр.: Не хапае вольных 20 квадратных метраў, таму ў мяне застаецца толькі часовая рэгістрацыя.
Спецыяліст: Які сэнс рэгістравацца часова? Вам так трэба, ці што? Вы будзеце кожны год яе працягваць? Ну, калі вас так задавальняе… Вы ж з такой рэгістрацыяй не станеце на чаргу кватэры і не зможаце ўладкавацца на працу.

Пасля звароту ў цэнтр прыйдзецца чакаць 3 дні, каб дазнацца, дазволіў вам начальнік зарэгістравацца ці не. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці хопіць трох старонак у пашпарце, каб паставіць туды ўсе такія адзнакі. У разлікова-даведачным цэнтры Партызанскага раёна сказалі, што пры часовай рэгістрацыі пашпарт наогул не спатрэбіцца: неабходна будзе набыць спецыяльнае пасведчанне і мяняць яго штогод.

Спецыяліст: Да беларускага пашпарта вам будзе выдадзеная пэўная паперка.
Еўр.: Мне за яе прыйдзецца плаціць?
Спецыяліст: Я не ведаю наконт аплаты. Пакуль у нас няма ніякіх дакументаў па гэтых паперах: будзеце вы плаціць, не будзеце… За прапіску (рэгістрацыю) хутчэй за ўсё.

Пакуль называецца сума ў 7 тысяч рублёў. Юрыст разлікова-даведачнага цэнтра Партызанскага раёна сталіцы сама не ведае, якія дамовы прыйдзецца заключаць, калі я заўтра прыйду атрымліваць часовую рэгістрацыю. У гутарцы яна прызналася, што сёння занятая толькі вывучэннем гэтага дакумента.

Юрыст: Дамову найму трэба будзе заключаць. Не ведаю, нібыта кажуць, што бясплатнай дамовы ўжо не будзе. Я вось сама чытаю гэта палажэнне, але па сутнасці нічога не сказана. Наконт бясплатнай дамовы трэба яшчэ даведацца. Калі яго няма, тады вам не трэба будзе плаціць падатковай.


Еўрарадыё пацікавілася ў намесніка кіраўніка ўпраўлення грамадзянства і міграцыі Мінгарвыканкаму Іны Студзенічнік, ці можна будзе ўладкавацца на працу ў Мінску з часовай рэгістрацыяй. Аднак яна запэўніла, што зараз прадугледзець, як спрацуе Палажэнне аб рэгістрацыі, проста немагчыма: чыноўнікі яшчэ не да канца разумеюць новаўвядзенне.


Даведка Еўрарадыё:

Раней, каб прапісацца ў кватэру, неабходна было 12 кв.м (ад жылой плошчы) на аднаго чалавека. З 1 студзеня гэтая велічыня змянілася: для Мінску яна складае 20 кв.м (але ўжо ад агульнай плошчы), для астатняй тэрыторыі краіны – 15. Для часовай рэгістрацыі дастаткова і 4 квадратных метраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі