ЖЭС №78 дараваў неплацельшчыку пеню ў 10 мільёнаў рублёў

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму пеня за запазычанасці па квартплаце часам “набягае” ў два разы большая за саму запазычанасць. У Мінску ёсць неплацельшчыкі, запазычанасць якіх складае каля пяці мільёнаў рублёў, а пеня – дзесяць мільёнаў. Калі разабрацца, то камунальных паслуг гэтыя людзі скарысталі толькі на 5 мільёнаў, а выплаціць ім трэба ажно 15. Еўрарадыё вырашыла параўнаць гэтыя “працэнты” з банкаўскімі. Колькі грошай “набегла” б вам, калі б вы паклалі сваю запазычанасць у банк?

Калі вы не заплацілі за камунальныя паслугі ў час, то штодзень вам “цікае” пеня - 0,3 % ад сумы плацяжу. Юрыст ЖЭСа № 78 распавяла Еўрарадыё, што перавышаць вашу запазычанасць гэтая пеня пачынае вельмі хутка. А калі вы не плаціце паўгода, то пеня “набягае” большая ў два разы.

ЖЭС № 78: “Недзе запазычанасць больш за 6 месяцаў у каго – 19 чалавек у нас такіх: у іх асноўны доўг ад 500 тыс. да больш за мільён, і пеня практычна ўва ўсіх больш за мільён”.

Але ЖЭСы часам “спісваюць” пеню тым, хто аплочвае асноўную запазычанасць.

ЖЭС № 78: “Мы “спісалі” пеню дзевяці чалавекам. Яны выплацілі асноўную пазыку і напісалі заяву на спісанне пені. З іх толькі адна сума была да мільёна – 659 тысяч (гэта пеня), тры сумы ад мільёну да двух, дзве сумы пені ад двух мільёнаў да трох, адна сума тры з нечым, і дзве – амаль чатыры з паловай мільёны”.

Тое, што пеня расце так хутка, здзівіла Еўрарадыё. Бо гэта віртуальныя грошы: чалавек плаціць нібыта за камунальныя паслугі, але не карыстаецца імі. Пяць мільёнаў – гэта грошы за паслугі, якімі чалавек сапраўды карыстаўся. А яшчэ дзесяць – не за паслугі, а за пратэрміноўку аплаты.

Мы вырашылі параўнаць суму пені, якая “набегла” за паўгода з сумай, якая б “набегла” за гэты ж час, калі б грошы паклалі ў банк.

Калі пакласці 700 тысяч рублёў (сума запазычанасці) у “Беларусбанк” пад 11 %, то праз 100 дзён вы атрымаеце на 21 з паловай тысячу больш. Розніца на два парадкі: 21 тысяча рублёў і мільён з нечым.

ERB: - Ці нармальна гэта? Людзям жа вельмі складана вярнуць такія грошы, якія так хутка “растуць”…
ЖЭС № 78: - Людзям вельмі складана вярнуць. Таму Адміністрацыя нашага Кастрычніцкага раёну, ідзе ім насустрач. Практычна ўсім, у каго маленькі даход, хто на пенсіі і г.д., “спісваюць” гэтую пеню, калі яны плацяць запазычанасць. Я ведаю, што не ва ўсіх іншых раёнах так робяць.

Найбольшая запазычанасць, якую “спісаў” 78-мы ЖЭС, гэта дзесяць мільёнаў.

ЖЭС № 78: “У іх было недзе 10 мільёнаў пені, а асноўная запазычанасць – недзе пяць мільёнаў. Але яны там перыядычна крыху аплочвалі, потым яны проста падзялілі рахункі на два, і пеня таксама падзялілася напалам. Там атрымаліся дзве аднолькавыя сумы па чатыры з нечым мільёны”.

Толькі на спісанне пені разлічвае неплацельшчык Аляксандр, з якім пагутарыла Еўрарадыё. Яго запазычанасць складае 3 мільёны 215 тысяч рублёў, а пеня – амаль пяць мільёнаў.

Аляксандр: “Ведаеце, у мяне цяпер вялікая траўма галавы, я хварэю. Я ляжачы. Пакуль не магу заплаціць, але думаю, што расплачуся хутка. Мне ЖЭС гатовы дараваць пеню, калі я аплачу асноўную запазычанасць. Я зраблю гэта, калі крыху ачуняю".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі