Журналісту пагражае зняволенне за знявагу прэзідэнта
Крымінальная справа па такім артыкуле распачатая ў адносінах да карэспандэнта польскай "Газеты Выборчай" Анджэя Пачобута.
28 сакавіка яго выклікалі ў пракуратуру па Гродзенскай вобласці і выставілі абвінавачванне ў распачынанні крымінальнай справы па арт. 368 ч. 1 "Знявага прэзідэнта РБ" па матэрыялах расследавання, якое правяло УКДБ па Гродзенскай вобласці. Нагодай для такога расследавання сталі публікацыі журналіста.
Як распавёў Пачобут у жывым эфіры Еўрарадыё, ён мае намер адстойваць свае правы журналіста і ўжо знайшоў адваката, які пагодзіцца прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Хаця, паводле спадара Анджэя, адвакат ацэньвае скептычна перспектывы абароны па гэтай справе.
У выпадку прызнання віноўным журналісту пагражае да двух гадоў зняволення.