Жыхар Барысава арганізаваў пастаўкі наркотыкаў салдатам

Пракуратурай Мінскай вобласці накіраваная ў суд Барысаўскага раёна крымінальная справа ў дачыненні да 20-гадовага барысаўчаніна, які абвінавачваецца ў незаконным распаўсюдзе спайсаў. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшы пракурор аддзела абласной пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Кучынская.

Хлопец набыў з мэтай продажу, захоўваў у сябе дома, а затым прадаў за 150 тысяч рублёў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Прытым прадаў на тэрыторыі вайсковай часткі вайскоўцам, якія праходзяць там тэрміновую службу. Абвінавачаны раней ужо здзяйсняў падобнае злачынства.

Прадаўцу спайсаў выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 328 КК у сувязі з тым, што незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, альбо прэкурсораў і іх аналагаў на тэрыторыі вайсковай часткі ўяўляе павышаную грамадскую небяспеку і таму з'яўляецца квалiфiкавальнай прыметай гэтага злачынства. Таксама квалiфiкавальнай прыметай з'яўляецца здзяйсненне названага злачынства асобай, якая раней учынiла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 327-329 або 331 КК.

За такое злачынства прадугледжаныя самыя строгія меры крымінальнай адказнасці: пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад васьмі да трынаццаці гадоў. Судом можа быць таксама ўжытае дадатковае пакаранне — канфіскацыя маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі