Жыхар Індыі стаў бацькам у 94 гады
Жыхар Індыі Рамаджыт Рагаў са штату Хар’яна стаў бацькам у 94 гады, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на інфармагенцтвы.
Ён працуе батраком на ферме. Гэта першае дзіця Рагава і яго жонкі, якой, паводле розных крыніцаў, цяпер ад 51 па 55 год. Пара глядзіць у будучыню з аптымізмам і плануе ў наступным годзе нарадзіць яшчэ адно дзіця.
Рагаў цвердзіць, што яму болей за 100 год, аднак па дакументах індыйцу споўнілася ўсяго толькі 94. Таямніца “вечнай маладосці”, як кажа сам доўгажыхар, у харчаванні: штодня ён з’ядае паўкілаграма таплёнага масла, паўкіло міндаля і выпівае па 3 літры малака.
Дарэчы, індыйцы не ўпершыню б’юць рэкорды бацькоўства і мацярынства. Папярэдні рэкорд найстарэйшага “маладога таты” належаў 90-гадоваму Нану Раму Джогі, якому тры гады таму жонка нарадзіла 22-е дзіця. Джогі таксама займаўся наёмнай сялянскай працай.