Жыхар Салігорска трымаў у багажніку машыны сваю дзяўчыну
І быў асуджаны за незаконнае пазбаўленне свабоды чалавека.
Цікава, што супрацоўнікі мясцовай міліцыі і Следчага камітэта не ўгледзелі ў дзеяннях мужчыны складу злачынства. Справу да суда давёў пракурор.
Як паведаміў БелаПАН пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Мінскай вобласці Максім Агеенка, 34-гадовы ўраджэнец Любанскага раёна, жыхар Салігорска, асуджаны за тое, што неаднаразова насуперак волі сваёй знаёмай сілком змяшчаў яе ў багажнік і салон сваёй аўтамашыны, пасля чаго ездзіў па сваіх справах. Фігуранты справы сустракаліся з 2010 года.
Пракурор Любанскага раёна, выкарыстоўваючы дадзеныя законам паўнамоцтвы, распачаў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу. У выніку высветлілася, што мужчына ў жніўні 2012 года з рэўнасці, пераадольваючы супраціў 23-гадовай студэнткі мінскай ВНУ, з ужываннем сілы змясціў дзяўчыну ў багажнік сваёй аўтамашыны, пасля чаго ездзіў па тэрыторыі Любанскага раёна. Другі выпадак адбыўся ў красавіку 2013 года, калі пасля адмовы дзяўчыны сесці ў машыну для размовы мужчына таксама з прымяненнем гвалту, насуперак яе волі, заштурхнуў яе ў салон свайго аўтамабіля, зачыніў знутры і пачаў рух на ім, пазбавіўшы пацярпелую магчымасці бяспечна пакінуць машыну.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваёй віны не прызнаў, патлумачыўшы, што рабіў так з дзяўчынай, жадаючы высветліць адносіны. Такі аргумент судом не быў прыняты пад увагу як паважлівы, і мужчына быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 183 КК. Ён прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Не пагадзіўшыся з прысудам, абвінавачаны яго абскардзіў, аднак суд касацыйнай інстанцыі прысуд пакінуў без зменаў.