Жыхарам пасёлка Гатава пад Мінскам не ўключылі ацяпленне
У сталічных дамах цёпла ўжо другі тыдзень, а ў Гатаве людзі ўсё яшчэ мерзнуць.
Жыхары пасёлка скардзяцца, што ў некаторых кватэрах тэмпература паветра не ўздымаецца вышэй за +14. Людзі ўключаюць электраабагравальнікі, ад якіх “ляціць” праводка — у выніку ў дамах па некалькі гадзін не бывае электрычнасці, піша “Советская Белоруссия”.
Таксама ў Гатаве праблемы з гарачай вадой — яна бывае толькі раніцай і ўвечары. На адзінай у пасёлку вуліцы Металургічнай бачныя вялікія ямы, у якіх можна разгледзіць трубы, прарваныя пасля пробнага падключэння цяпла. Мясцовая аварыйна-дыспетчарская служба не паведамляе жыхарам пасёлка, калі праблема вырашыцца.
Пры гэтым у асобных дамах іншая крайнасць — з сутарэння валіць пар, сцены ў кватэры вільготныя, псуецца мэбля. Батарэі гарачыя і людзі трымаюць вокны раскрытымі.