Жыхарка Оршы атрымала 3 гады за вярбоўку людзей у сэксуальнае рабства
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, Аксана Ш. прапаноўвала сваім знаёмым добра зарабіць – гандляркамі на рынках Масквы. Яна сама суправаджала дзяўчат да месца будучай працы, але да расійскай сталіцы яны не даязджалі. У адной са шматпавярховак горада Хімкі Маскоўскай вобласці дзяўчат перадавалі людзям, якія прымушалі беларусак займацца прастытуцыяй.
У ходзе папярэдняга расследавання, а таксама судовага разбору было ўстаноўлена, што першая ахвяра - 19-гадовая М. гвалтоўна ўтрымлівалася і мусіла займацца прастытуцыяй у цэлым тры гады - з 2001 па 2004 год, пакуль не здолела збегчы і вярнуцца на радзіму. Яшчэ адна дзяўчына - 16-гадовая С. правяла ў падмаскоўных Хімках паўгады.
Абвінавачаная, раней пазбаўленая бацькоўскіх правоў у дачыненні непаўналетня дачкі, сваёй віны не прызнала. Між тым суд Аршанскага раёна і горада Оршы, вывучыўшы сабраныя доказы і паказанні сведкаў, а таксама з улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы прызнаў Ш. вінаватай у вярбоўцы людзей з мэтай сексуальнай эксплуатацыі і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адбываеннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прыгавор уступіў у сілу.