Жыхарка Віцебска аддала болей за $100 тыс за парапсіхалагічную дапамогу
У Віцебску міліцыянты шукаюць невядомага парапсіхолага-махляра, які выманіў у мясцовай жыхаркі 102 021 долар і 438 300 расійскіх рублёў.
Паколькі з матэрыялаў праверкі вынікае, што злачынныя дзеянні супраць віцяблянкі здзейсненыя як на тэрыторыі Расіі, так і на тэрыторыі Беларусі, па гэтым факце распачалі крымінальную справу.
Таксама пракуратура Віцебска паведамляе, што ў апошні час пачасціліся заявы аб завалоданні грашыма жыхароў горада на падставе аказання парапсіхалагічнай і экстрасэнсорнай дапамогі.
Грошы звычайна пераводзіліся заяўнікамі з дапамогай электронных пераводаў на рахункі асоб, якія пражываюць за межамі Беларусі. Паколькі месцам фактычнага завалодання грашыма з'яўлялася тэрыторыя замежнай дзяржавы, у адпаведнасці з патрабаваннямі айчыннага Крымінальнага кодэксу, крымінальныя справы не распачыналіся, а заяўнікам тлумачылася права звароту ў праваахоўныя органы замежных дзяржаў, пішуць “Народныя навіны Віцебска”.