Жыхары Барані на Аршаншчыне засталіся пасля залеваў без пітной вады

Адзін з мікрараёнаў мястэчка Барань на Аршаншчыне застаўся без крыніц пітной вады. Цяпер яе людзям дастаўляюць у цыстэрнах. Даведзеныя да адчаю жыхары мястэчка напісалі ліст кіраўніку Беларусі, паведамляе сайт "Народныя навіны Віцебска". Насельнікамі абяздоленага раёна пераважна пенсіянеры. Не атрымаўшы, пасля неаднаразовых зваротаў, дапамогі ад розных інстанцый, яны накіравалі скаргу Аляксандру Лукашэнку. Пад лістом стаяць 33 подпісы жыхароў Барані.

У пацярпелым раёне Барані да гэтай пары карыстаюцца шахтнымі калодзежамі. Яны даўно не рамантаваліся і прыйшлі ў кепскі стан. Пасля залеваў, якія абрынуліся на Беларусь у мінулыя дні, узровень вады ў калодзежах падняўся вышэй за зямлю, вада афарбавалася і стала каламутная, цяпер яе спажыванне небяспечнае для здароўя.

Праблема з пітной вадой у прыватных дамах мястэчка была агучаная яшчэ ў 2005 годзе. Тады даследаванні Аршанскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выявілі, што ўсе калодзежы атрабуюць рамонту, якасць вады ў іх не адпавядае санітарным нормам. А ў двух калодзежах аналіз паказаў павышанае ўтрыманне нітратаў. Сёння сітуацыя не лепшая, аднак улады адмаўляюцца правесці ў гэты раён водаправод, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі