Жырыноўскі пісьмова папрасіў прабачэння ў выкладчыка з Гродна

54-гадовы Міхаіл Жураўкоў кажа, што абараняў гонар Беларусі. Ён збіраўся спагнаць са скандальнага расійскага палітыка 10 мільёнаў долараў. Судзіцца з Уладзімірам Жырыноўскім выкладчык Гродзенскага інстытута павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Міхаіл Жураўкоў збіраўся яшчэ вясной. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён распавядае пра тое, што яго падштурхнула да такога кроку:

“Ён абразіў нашу краіну. Ён па тэлебачанні, на канале НТВ у праграме “Да бар’ера”, заявіў, што Беларусь здрадзіла Расіі і прадалася немцам падчас вайны”.

Беларус збіраўся спагнаць з расійскага палітыка 10 мільёнаў долараў – па адным долары на кожнага абражанага грамадзяніна Беларусі, і перадаць грошы вязням канцлагераў. Аднак яго пазоў у Басманным судзе не прынялі.

Тады Міхаіл Жураўкоў напісаў ліст старшыні Дзярждумы Расіі Барысу Грызлову. Пра тое, што было далей, расказвае сам Жураўкоў:

“Афіцыйнае прышло прабачэнне ад Жырыноўскага. Яго выклікалі ў камісію па этыцы Дзярждумы. І ён піша, што “глыбока шкадуе, што ў запале сказаў” і г. д. Мне патэлефанавалі, спыталі, ці я задаволены. Я сказаў: “Добра, задаволены”.

Міхаіл Жураўкоў сапраўды задаволены, што паставіў на месца палітыка-скандаліста. Ён кажа:

“Вядома, за Беларусь крыўдна, калі мая сям’я, усе ваявалі, уся Беларусь лягла, а тут нейкі… будзе заяўляць такія рэчы. Ён можа што заўгодна ляпаць, але не чапай маю краіну!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі