Злотнікаў: Крэдыт дапаможа Беларусі бязбольна прызвычаіцца да новых коштаў

Расія прыняла рашэнне пра выдзяленне Беларусі чарговага стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 мільярдаў долараў. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын. Сродкі будуць пералічаныя двума траншамі па 1 мільярдзе долараў. Першы транш чакаецца яшчэ сёлета, наступны — ў 2009 годзе, паведамляе "Прайм-ТАСС".
Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што ў асноўным гэты крэдыт пойдзе на аплату газу. На яго думку, прыкладна на два мільярды долараў больш страціць Беларусь у наступным годзе з-за павышэння кошту на газ.

“Давайце вернемся да гісторыі. У канцы 2007 года нам далі крэдыт у 1,5 мільярда долараў і павысілі кошты на газ. Крэдыт і пайшоў на гэта. Цяпер нам збіраюцца павысіць на столькі, каб нам хапіла 2 мільярдаў кампенсаваць розніцу ў коштах”.

Леанід Злотнікаў лічыць, што гэты крэдыт дапаможа беларусам бязбольна прызвычаіцца да новых коштаў.

“Расія дапаможа Беларусі бязбольна прызвычаіцца да больш высокіх расійскіх коштаў, каб не было лішняга піску: нас рабуюць, братоў душаць і так далей”.

Нагадаем, беларускі ўрад пачаў рабіць захады па атрыманні ад Расіі чарговага крэдыту яшчэ летам. 4 жніўня прэм'ер-міністр Расіі Ўладзімір Пуцін даручыў віцэ-прэм'еру, кіраўніку Мінфіна Аляксею Кудрыну падумаць пра "дадатковы крэдыт" для Беларусі. Кансультацыі на ўзроўні экспертаў аб умовах яго прадастаўлення працягваліся, як і было запланавана, 2-3 месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі