Зміцер Вайцюшкевіч. "Чара"

Вайцюшкевіч заўсёды думаў пра тэатр - хацеў сыграць драматычную ролю. З “Прарокам” не зраслося. Таму Зміцер стварыў свой тэатр і назваў яго “Чара” - альбом-тэатр з песнямі на вершы шведскіх паэтаў.

Вайцюшкевіч зачароўвае, закалыхвае, інтрыгуе, западае ў душу, запальвае зоркі. Зміцер чытае-зачытвае, вые-завывае, лагодзіць-залагоджвае. А навокал – карункі, сплеценыя з выкшталцоных гукаў кларнета, цымбал, баяна і дафа, вэлюм з пругкіх, рухавых і трапяткіх разважлівых мелодый. Ад “Чары” вее прахалодным шведскім ветрам, гарачым клезмерам і балканскім драйвам, беларускай хмарнасцю і ўсходнім сонцам. На тое яна і “Чара”, на тое і “чарны” Вайцюшкевіч.

Вайцюшкевіч – бадай, самы дасведчаны беларускі кампазітар-карыстальнік паэтычнага слова. Яму падуладныя вершы складаныя і лёгкія, Барадуліна, Камоцкага, Някляева, Бураўкіна, Ваячка, Сыса. З нерыфмаванай паэзіяй шведскіх паэтаў, якую так жа нерыфмавана пераклалі беларускія паэты, таксама праблем не ўзнікла: знайшлася форма рэчытатыву, які зрабіўся сучасным сродкам выразнасці. Рэчытатыў-малітва. Рэчытатыў-мантра. Рэчытатыў-замова.

“Чара” – прыклад добрай этнікі, камернай, засяроджанай, сур’ёзнай. “Чара” – не для ўсіх, для выбраных. “Чара”- роўная, адмыслова пазбаўленая эмацыйных усплёскаў, згодна з канцэпцыяй, недзе занадта манатонная і вымагае ні аднаго праслухоўвання. Аднак “Чара” Вайцюшкевіча не можа быць іншай, бо Тодар – яшчэ той уладальнік безумоўнага густу.

“Чара” - пра каханне, пра пошукі, пра растанне, пра роздумы, пра хараство сусвету, пра ўзаемаадносіны чалавека і наваколля. І так да 11-га трэку. Вось тут пачынаецца другая “Чара” – Вайцюшкевіча звычайнага, якога мы ўсе ведаем і часам крытыкуем. 11 трэк – “Шведскія мужчыны” і адказ шведскім мужчынам трэк 12 - “Беларускія мужчыны” выглядаюць памылкова размешчанымі на пласцінцы. З іх з’яўленнем змяняецца сэнс той “Чары”, што была дагэтуль. Этнічная і высокая “Чара”- мара ператвараецца ў будзённа-іранічную, звычайную і вельмі беларускую. І дыск робіцца выключна мужчынскім. А яго электроннае заключэнне ўвогуле выклікае непаразуменне. Аднак, калі Вайцюшкевіч так зрабіў, значыць так павінна быць. Тым не менш “Чара” – адзін з самых незвычайных і цікавых альбомаў 2011 года. Слухаць варта!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі