Знакамітае сола Гары Мура прызналі плагіятам

Суд Мюнхена прызнаў вядомага брытанскага гітарыста Гары Мура вінаватым у плагіяце, паведамляе Reuters. 3 снежня суд задаволіў пазоў нямецкага музыкі Юргена Вінтэра, які сцвярджаў, што сола ў песні "Still Got the Blues" было выкрадзена Мурам з кампазіцыі "Nordrach" 1974 года  ў яго гурта Jud's Gallery.

Згодна з рашэннем суду, Гары Мур і яго гуказапісвальная кампанія павінны выплаціць Вінтэру кампенсацыю, памер якой пакуль не вызначаны. Пры гэтым суддзя прызнаў, што музыка мог ненаўмысна скапіяваць гітарнае сола, аднак заявіў, што гэты факт не можа паўплываць на канчатковы вердыкт.

Сам Мур адмаўляе, што некалі чуў кампазіцыю "Nordrach", і мае намер апратэставаць рашэнне суду.

"Still Got the Blues", адна з самых вядомых і паспяховых запісаў Гары Мура, была выдадзеная на аднайменным альбоме 1990 года і заняла 31-е месца ў хіт-парадзе Вялікабрытаніі. Да моманту выхаду "Still Got the Blues" "Nordrach" афіцыйна яшчэ не была выдадзеная, а толькі выконвалася Jud's Gallery на канцэртах і транслявалася па радыё.

Фота: www.palm.rus.newsru.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі