Знешняя дзяржпазыка Беларусі павялічылася да 12,7 млрд долараў
З пачатку года гэты паказчык павялічыўся на 130,4 млн долараў ці на 1%.
Міністэрства фінансаў паведамляе, што па стане на 1 чэрвеня 2015 года знешняя дзяржаўная пазыка павялічылася на 130,4 млн долараў ці на 1% (з улікам курсавых адрозненняў) і дасягнула 12,7 млрд долараў.
У студзені — траўні былі прыцягнуты наступныя знешнія дзяржаўныя займы: 328,9 млн долараў — ад урада і банкаў Расіі. 149,8 млн долараў — ад банкаў КНР. 9,4 млн долараў — ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Агульная сума прыцягнутых дзяржаўных пазык склала 488,1 млн долараў.
Пагашэнне знешняй дзяржаўнай пазыкі з пачатку 2015 склала 377,9 млн долараў. Расійскаму ўраду выплачана 125 млн долараў, МВФ — 75,9 млн долараў, Антыкрызіснаму фонду ЕўрАзЭС — 88,3 млн долараў, Банкам КНР Беларусь вярнула 80,5 млн долараў, Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця — 7,5 млн долараў, ЗША — 700 тысяч долараў.
Дзяржаўная пазыка Беларусі на 1 чэрвеня склала 243,3 трлн рублёў і павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на 45,9 трлн рублёў, ці на 23,2%.
Фота: business.ua