Зніклага мінчаніна-інваліда знайшлі на трасе ў 32 км ад МКАД

Мінчанін Сяргей Каралёў 1975 году нараджэння не вярнуўся дадому 9 студзеня. Мужчына мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця і ў той дзень павінен быў вярнуцца з Цэнтру дзённага знаходжання інвалідаў Заводскага раёна Мінска. Аднак гэтага не адбылося. 10 студзеня пошукава-выратавальны атрад “Анёл” абвясціў пра пошук мужчыны. Адзначналася, што праз свае асаблівасці зніклы інвалід некамунікабельны.

11 студзеня каля трэцяй гадзіны ночы на нумар атраду паступіў званок ад дваіх маладых людзей. Яны распавялі, што ехалі ў Мінск на машыне і ў 32 кіламетрах ад МКАД па Мядзельскім напрамку ўбачылі адзінокага мужчыну. На прапанову падвезці яго да гораду ён ніяк не адрэагаваў. Ужо дабраўшыся да дому, хлопцы ўбачылі ў інтэрнэце абвестку пра знікненне чалавека, у якім пазналі незнаёмца.

Пасля тэлефоннай размовы з выратавальнікамі маладыя людзі пагадзіліся вярнуцца на трасу. Гэтым разам ім удалося наладзіць кантакт з інвалідам і пераканаць яго сесці ў машыну. Ужо праз гадзіну зніклы быў дома, ён пачуваецца нармальна, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прадстаўнікоў атраду “Анёл”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі