Зніклі “грошы салідарнасці”
Альбо дзе зараз Дзяніс Дзянісаў і 7500 долараў, сабраныя ў свой час дзеля
залога?
У Сусветным сеціве з’явіўся адкрыты ліст, падпісаны
дзяўчынай Петрай, якая зладзіла найбуйнейшую акцыю салідарнасці за ўсю гісторыю
Беларусі: “Падары свабоду палітвязню”. Для таго, каб выпусцілі на волю Дзяніса
Дзянісава было назбірана амаль 7,5 тысяч долараў. Грошы на залог Дзянісу
здавалі ў асноўным звычайныя людзі, аднак былі і дастаткова вядомыя
суайчыннікі, сярод якіх Аляксандр Фядута і нават журналістка Еўрарадыё. Падчас
кампаніі абмяркоўваліся розныя варыянты выкарыстання сабраных грошай: некаторыя
хацелі зрабіць своеасаблівую касу салідарнасці, каб уносіць залог за
палітзняволеных. Іншыя нават прапаноўвалі такім жа чынам вызваліць Андрэя Клімава.
Віцебскі моладзевы актывіст быў вызвалены з СІЗА яшчэ 11 красавіка. Нагадаем, што Дзянісава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, за што яму пагражала 3 гады зняволення. А 29 траўня крымінальную справу спынілі, і грошы ў хуткім часе павінны былі быць вернутыя. Аднак, як стала вядома з ліста Петры, зніклі і грошы, і сам Дзяніс Дзянісаў:
“Я спадзяюся, што сітуацыя, якая склалася, гэта не канец, а нейкі малапрыемны паўфінал”.
Грошы былі сабраныя менш чым за месяц і маці Дзяніса разам з Петрай аднеслі іх ў банк.
Пасля апраўдання Дзяніса грошы, заплачаныя як залог, павінны былі вярнуць:
“Калі стала вядома, што грошы вернуць, мы з Дзянісам думалі аддаць іх альбо ў дзіцячы дом, альбо на залог іншым палітвязням. Мы вырашылі, што трэба прынамсі прапанаваць людзям забраць грошы, каб потым яны ўжо самі вырашалі, што з імі рабіць. Я нават пераконвала людзей, што трэба забраць грошы, бо гэта вялікая адказнасць. Дзяніс жа сказаў, што зараз маці перавядзе грошы яму на рахунак і ён іх будзе забіраць”.
Дзяніс папрасіў маці перавесці грошы ў Мінск, каб ён сам мог іх забраць. Як расказаў былы палітвязень па тэлефоне Петры, увечары, калі актывіст вяртаўся з грашыма, на яго напалі і адабралі грошы. Раіса Аляксееўна, маці Дзяніса, расказала Еўрарадыё, што Дзяніс зараз з’ехаў у Польшчу вучыцца:
“Ён папрасіў мяне перавесці яму грошы ў Мінск, таму што баяўся за такую суму грошай. Таму грошы ён здымаў сам у Мінску. Пасля таго, як яго абакралі, я ўжо збірала яму грошы на тое, каб ён здолеў паехаць у Варшаву вучыцца. Мне ён больш ні разу не тэлефанаваў. Затое з ім размаўляў брат – ён яму патэлефанаваў і сказаў, што усе нармальна, даехаў, вучыцца”.
Раней Дзяніс расказваў Петры, што збіраецца ў Польшчу вучыцца:
“Ён тады мне гаварыў, што збіраецца ў Польшчу. Дзяніс тады не ўдакладніў, куды, але дакладна, што вучыцца. Зараз жа знаёмыя мне кажуць, што ён дакладна там”.
Цікава тое, што маці Дзяніса і зараз чамусьці спрабуе ўпэўніць усіх у тым, што грошы, якія ў яго скралі, ён не марнаваў:
“Ён увогуле не шыкаваў, я ж бачыла. Нават нічога сабе не набываў”.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці сапраўды Дзяніс Дзянісаў паехаў вучыцца за мяжу па праграме імя Каліноўскага. Па словах Інны Кулей, старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Дзянісаў з 3 верасня навучаецца ў Польшчы:
“Гэта рэпрэсаваны малады чалавек, два разы адлічаны з навучальнай установы. Ён прайшоў усе туры адбору польскага боку, у Польшчу ён паехаў ужо 3 верасня. З праваабаронцамі мы дамовіліся сустрэцца на наступным тыдні і абмеркаваць сітуацыю: звязацца з Дзянісам, пагаварыць з ім на гэтую тэму і тады ўжо вырашаць. Альбо кляйміць яго, альбо чалавек сам заблытаўся, альбо нас заблытаў”.
Аказалася, што Дзяніс разлічыўся грашыма з праваабарончымі арганізацыямі:
“Параіўшыся з Радай Камітэту мы прынялі рашэнне дапамагчы Дзянісу. Да рашэння далучыліся і іншыя праваабаронцы. Далей на працягу 10 дзён пасля вызвалення Дзяніс поўнасцю з намі разлічыўся”
На фота Дзяніс Дзянісаў
Фота: http://3dway.org/node/7650